Слуцкія кандытары - лаўрэаты міжнароднага чэмпіянату

19 ноября 2020

Тры залатыя і адна сярэбраная ўзнагароды. З такімі вынікамі выкладчыкі і навучэнцы Слуцкага каледжа выступілі на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва. У намінацыі "Работа з масцікі" ўдзельнічалі педагог дадатковай адукацыі Ірына Купрыянчык і навучэнка каледжа Ганна Радзюк.

Сярод лаўрэатаў таксама майстар вытворчага ўчастка Вольга Канапелькіна. У іх руках звычайныя прадукты ператвараюцца ў сапраўднае мастацтва. Творчы працэс убачыла Алена Вітко.

Уважлівасць і далікатнасць у кожным руху. Тут на практыцы вучаць кандытарскім тонкасцям. Вопытам з юнымі кулінарамі дзеліцца педагог дадатковай адукацыі Ірына Купрыянчык. 20 гадоў працавала на мясцовым хлебазаводзе, а зараз выкладае ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. Вось ужо 13 гадоў удала прыручае салодкі матэрыял. Гэты торт, напрыклад, атрымаў золата на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва.

Фінал цыркавога паказу тут нібыта паставілі на паўзу. Усё застыла ў руху. А побач з цыркам мышыны домік у тры паверхі. Тут пануе пераднавагодні настрой. Дарэчы, конкурсны варыянт складаецца з масцікі і пенапласту. Важыць ён каля 14 кілаграмаў. А вось калі ператварыць яго ў салодкі пачастунак, важыць яно будзе больш за 40 кілаграмаў.

Над кампазіцыяй працавала Ганна Радзюк. Яна з дзяцінства любіць гатаваць, а зараз вучыцца на пекара. Яшчэ толькі другі курс, але ў конкурсе дзяўчына ўдзельнічала на роўных з прафесіяналам.

Такія апетытныя макеты могуць захоўвацца шмат гадоў. А вось партфоліа Вольгі Канапелькінай заўсёды мяняецца. Майстар працуе са свежай агароднінай і садавіной. Таму спецыяльна для здымак аднавіла элементы конкурснай працы. Так нават зімой з радыскі і гарбузоў, перцу могуць распускацца кветкі.

Такая тэхніка мастацкай рэзкі называецца карвінг. Яе Вольга прымяніла і да сыру. Ноу-хау ад слуцкага майстра журы ацаніла. Як вынік адразу два прызавыя месцы.