Складаныя ўмовы надвор'я прынёс сёння цыклон "Аксель"

4 января 2017

Складаныя ўмовы надвор'я прынёс сёння ў сталіцу і вобласць цыклон "Аксель". Моцныя снегапады і мяцеліца з раніцы ўскладняюць рух грамадскага транспарту. У ранішні час пік аўтобусы і тралейбусы спазняліся прыкладна на 16 хвілін, трамваі - на 7. Да гэтага часу затрымка скарацілася ўдвая. Снегапад не паўплываў на працу нацыянальнага аэрапорта, усе рэйсы адпраўляюцца згодна з раскладам. Каб расчысціць вуліцы і дарогі, на работу сёння выйшлі каля чатырох тысяч чалавек і больш за 400 адзінак спецтэхнікі. Камунальныя службы гатовыя прыцягнуць мінчан на дапамогу па ўборцы снегу, забяспечыўшы іх неабходным інвентаром. Згодна са словамі спецыялістаў, працу па ўборцы снегу значна замаруджваюць прыпаркаваныя аўто уздоўж праезных частак.

Аграрыям моцныя снегапады толькі на руку. Па словах спецыялістаў, зімовае покрыва абароніць азімыя культуры ад моцных маразоў, якія набліжаюцца. Адзначым, сёлета ў Мінскай вобласці пад азімыя адвялі больш за 300 тысяч гектараў.

Зрэшты, снег прынёс радасць і школьнікам, якія зараз адпачывюць на канікулах. Дзятва актыўна лепіць снегавікоў і катаецца на санках з горак.

Згодна з прагнозвмі сіноптыкаў, такое ж снежнае надвор'е захаваецца і ў бліжэйшыя дні. Пачынаючы з пятніцы, слупкі тэрмометраў рэзка апусцяцца і тэмпература паветра складзе да мінус 20 градусаў.