Складаны лёс фарнага касцёла Святога Станіслава - погляд у гісторыю і сучаснасць

31 марта 2024

У свет прыходзіць Вялікдзень! Першымі свята духоўнага абнаўлення сустракаюць заходнія хрысціянскія канфесіі: католікі і пратэстанты.

Урачыстасць Уваскрэсення Хрыстовага адзначае і другая па колькасці рэлігійная канфесія Беларусі - каталіцкая. Напярэдадні ва ўсіх касцёлах нашай краіны прайшлі велікодныя імшы, сёння свята працягваецца, нагадваючы людзям аб галоўным: штораз, перагортваючы старонкі Евангелля і радуючыся Хрысту, які ўваскрэс, мы павінны асучасніваць сваю веру і браць асабістую адказнасць за сённяшні дзень, за сваю духоўнасць, за ўсё наша грамадства і краіну, у якой жывём.

Чалавек, які веруе па-сапраўднаму, не можа стаяць у баку ад надзённых праблем свайго дома. У тым ліку дома Божага, куды прыходзіць сам, прыводзіць сваіх дзяцей, дзе моліцца і думае пра вечнае.

У цяперашняй гісторыі каталіцкай канфесіі Беларусі ёсць нямала пазітыўных прыкладаў, калі менавіта звычайныя вернікі літаральна адраджалі свае прыходы, храмы, да непазнавальнасці змянялі і знешняе аблічча касцёлаў і іх духоўнае жыццё. Адна з такіх дзіўных стваральных гісторый - з Магілёва.

Уся інтрыга - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.  

Як нашы, беларускія сучасныя католікі святкуюць Вялікдзень - можна пабачыць у рэжыме рэальнага часу, бо па добрай шматгадовай традыцыі Белтэлерадыекампанія вядзе прамую трансляцыю са святочнага набажэнства тут, у архікафедральным саборы Імя Прасвятой Дзевы Марыі. З архікатэдры. Але, Мінск - не заўсёды быў сталіцай Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі. З канца 18-га стагоддзя да 1917 года асноўным пунктам каталіцкага архіепіскапату з'яўляўся... Магілёў і фарны касцёл Святога Станіслава! 

Сёння раскошны беласнежны дом Божы, унікальны помнік архітэктуры і цэнтр актыўнага духоўнага жыцця - мае вялікі сакрэт: у яго біяграфіі далёкі...1636 год і манахі-кармеліты, якія абралі тутэйшае месца, каб асесці і заснаваць сваю супольнасць. 

Аляксандр Яшэўскі, епіскап генеральны вікарый Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі:

Можна ўбачыць, як на фрэсках паказана гісторыя, як манахі едуць у Рым і просяць у яго дазвол заснаваць сваю супольнасць у Магілёве і пабудаваць кляштар, а потым яны звяртаюцца да караля Польскага, паколькі гэта былі тэрыторыі ВКЛ, і кароль паказвае ім, у якім месцы можна размясціць кляштар. Можна сказаць, што гэта і ёсць найстаражытнейшая мапа нашага горада Магілёва. 

Першы на гэтай мапе - драўляны касцел - згарэў, але месца ўжо назаўжды "прапісалася" "за католікамі", якія з веку ў век адбудоўвалі і страчвалі, зноў адраджалі, цярпелі і нанова перажывалі рэнесанс святыні... Амаль такім, якім мы можа ўбачыць сёння Магілёўскі касцёл - ён паўстаў у 1765-м. Велічны, з калонамі на порціку, унікальнымі фрэскамі і рэдкім на тыя часы арганам. Прыгожы. Такім Магілёўскі касцёл увайшоў у самы ганаровы статус сваёй гісторыі. 

Вось ён, той самы "зорны" час для Магілёўскага касцёла! Яму выпала стаць у цэнтры рымска-каталіцкага жыцця на нашых тэрыторыях і шырэй. А першым кіраўніком, які ўзначаліў архіепархію і распачаў рэформы, быў Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч - асоба выдатная не толькі ў царкоўным - у летапісу ўсяго Магілёва. Былы ваенны, прайшоў курсы багасловаў, быў пасвечаны ў духоўны сан - заснаваў у горадзе друкарню, тэатр, пакінуў шмат рукапісаў па гісторыі і краязнаўстве, незлічона твораў мастацкай літаратуры. І менавіта дзякуючы яму касцёл, які першапачаткова насіў імя Небаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі - стаў "Станіслаўскім". Так па-сённяшні дзень магіляўчане называюць сваю "пярліну". А ўсе з-за таго, што архіепіскап-мітрапаліт Сестранцэвіч уганараваў свайго апекуна, размясціўшы ў касцёле абраз святога Станіслава!

Ішоў час. Спавядаючых лацінскі абрад хрысціянства ў Расійскай імперыі станавілся больш. І пасля Другога і Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай прайшла новая рэарганізацыя структуры і ўпарадкавання касцёла. Зноў жа з цэнтрам у Магілёве! 

20-е стагоддзе Магілёўскі край сустракаў з 930 тысячамі вернікаў і 270 касцёламі. Ведаеце, што сталася з усімі дамамі Божымі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі? Магілёўскаму Станіслаўскаму пашанцавала. Ён не быў разбураны, толькі занядбаны. У будынак пераехаў Магілёўскі абласны архіў. Як выжыў пры ім касцёл? 

Ведаеце, калі Станіслаўскі касцёл і рэаніміраваўся, і паўстаў сёння такім велічным, прыгожым, узнёслым, то гэта дзякуючы менавіта такім людзям, якія казалі "гэта святое". І не проста казалі. Яшчэ не пачалося адраджэнне веры на нашых землях, у 80-х вернікі, простыя людзі, не маючы агульных сцен, каб памаліцца, збіраліся на магілёўскіх могілках, празваных "польскімі". На старажытным месцы была мініяцюрная каплічка - у ёй ладзілі набажэнствы, як маглі. 

Адзначылі перадачу касцёла. Але галоўнае было наперадзе. Літаральна знявечаны, закінуты дом Божы вернікам належала ўласнымі рукамі, праз уласныя сродкі - матэрыяльныя, маральныя, фізічныя - без перабольшвання вяртаць "з іншага свету". 

Арганіст з 34-гадовым стажам - тутэйшы магілёўскі католік Яўген Захараў - цяпер агучвае набажэнствы на сучасным інструменце. А было, з прыкрасцю ўздыхне музыкант, менавіта магілёўскі арган славіўся сваім старажытным, з керамічнымі трубкамі, арганам, гук яго - неперадавальнай чароўнасці. Што ж - разбурэнне! Але, дзякуючы менавіта яму арганіст і стаў... музыкантам!

Свае дзверы для вернікаў Магілёўскі адноўлены касцёл шырока адчыніў у 1996-м! З таго часу ён, як і іншыя каталіцкія, вядзе звычайнае жыццё - з буднямі і святамі, з доглядам за сваёй святыняй, упарадкаваннем тэрыторыі вакол яе, каб было ўтульна. З прырастаннем прыхаджан, радасцю хрышчэння новых католікаў і смуткам па спачылых старэйшынах. Пры прыходзе працуе нядзельная школа, аб'яднанні "Ружанцовае кола","Легіён Марыі", клуб каталіцкай інтэлігенцыі і шматлікія іншыя - для ўсіх узростаў і цікавасцяў.

Сёння ў Магілёўскім Стасніслаўскім, як і па ўсёй Беларусі, па ўсім заходнехрысціянскім свеце сустракаюць Вялікдзень. І, здавалася б, адна радасць павінна паванаць і ў доме Божым, і ў сэрцах вернікаў. Але, ёсць для магіляўчан адна турбота.

Аляксандр Яшэўскі, епіскап генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

Касцёл у 2007 перайшоў ЖЭУ Ленінскага раёна горада. Да пэўнага моманту мы павінны былі плаціць арэнду за гэтае памяшканне. Але вось ужо на працягу 2 гадоў нам дазволілі атрымаць гэты касцёл у бязвыплатнае карыстанне. Арэнду мы не плацім, плацім толькі амартызацыю кожны мецяц у ЖЭУ. Вядома мы выконваем заканадаўчыя нормы, якія дзейнічаюць у нашай дзяржаве. Але мне хацелася б паўдзячыць кіраўніцтву нашай Магілёўскай вобласці, якія зрабілі гэты крок наперад, каб прасіць у кіраўніка нашай дзяржавы даць нам гэты касцёл у бязвыплатнае карыстанне. І мы вельмі спадзяёмся, што і ўлады і нашага горада, і нашай вобласці, і кіраўнік нашай краіны зробіць нам такі цудоўны падарунак - мець гэты касцёл ва ўласнасць.

Зрэшты, сваё статуснае месца ў рымска-каталіцкай адміністратыўна-адзінкавай іерархіі Магілёўскі касцёл захаваў. Ён называецца "конкафедральным" - з другой кафедрай мітрапаліта ў Магілёве. Першая - у Мінску.