Скідаль рыхтуецца да “Дажынак”

26 сентября 2020
Адрамантаваныя ці абноўленыя дзясяткі знакавых аб’ектаў. Добраўпарадкаваныя вуліцы і жылыя двары, з’явіліся сучасныя аўтамабільныя развязкі і масты. Менавіта так Скідаль рыхтуецца стаць сталіцай Гродзенскага абласнога фестывалю “Дажынкі-2020”. Аграрыі рэгіёна сёлета атрымалі рэкордны ўраджай, задача будаўнікоў - як мае быць падрыхтаваць горад да ўшанавання герояў жніва. На якім этапе сёння падрыхтоўка да свята - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Скідальскаму дзіцячаму саду № 5 амаль 60 гадоў. Дашкольная ўстанова - адна з найстарэйшых у горадзе. Прафесіянальны калектыў выхоўвае больш за паўтары сотні дзяцей з усяго Паўднёвага мікрараёна. Аб’ект уключылі ў праграму падрыхтоўкі да святкавання абласных “Дажынак”. Поўнасцю абнавілі дах, уцяплілі фасад, мадэрнізуюць дзіцячыя пляцоўкі.

Яшчэ дзіцячая спартыўная школа, Дом культуры, шматлікія паркі і аўтамабільныя развязкі – на працягу апошніх месяцаў Скідаль ператварыўся ў адну вялікую будаўнічую пляцоўку. Абнаўляюцца масты, сацыяльныя аб’екты, з нуля пракладваюцца пешаходныя і веласіпедныя дарожкі.

Скідаль абяцае стаць яшчэ і самым зялёным горадам Гродзеншчыны. Тут ужо высадзілі каля шасцісот дрэў і больш за пяцьдзясят пяць тысяч кветак. Увогуле, рознакаляровасць цяпер адметнасць сталіцы абласных “Дажынак”. У горадзе на шматпавярховых дамах з’явіліся вялікія пано. Усе малюнкі праслаўляюць нялёгкую працу хлебаробаў. 

Падчас ушанавання хлебаробаў у Скідалі запланаваныя шматлікія забаўныя мерапрыемствы: творчыя пленэры, спартыўныя спаборніцтвы, гастранамічныя фэсты, народныя гулянні. Арганізатары чакаюць некалькі тысяч гасцей з усёй Гродзенскай вобласці.

Адначасова з будаўнікамі падрыхтоўку да свята хлебаробаў вядуць і мясцовыя артысты. Урачысты канцэрт будзе доўжыцца некалькі гадзін у рэжыме нон-стоп. Гледачоў будуць радаваць толькі новымі творчымі нумарамі.

Народны ансамбль песні і танца “Ніва” з аграгарадка Верцялішкі за сваю паўвекавую гісторыю станавіўся лаўрэатам шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Аднак выступленне на “Дажынках” для артыстаў заўсёды вялікі гонар. Таму спецыяльную канцэртную праграму ўдасканальваюць на працягу некалькіх месяцаў. 

Падрыхтоўку да фестывалю “Дажынкі” ў Скідалі плануюць завяршыць да канца месяца. Гасцей жа будуць сустракаць 14 лістапада, у Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі.