Шчучынская раённая бальніца павысіла якасць аказання паслуг да ўзроўню гродзенскіх клінік

19 октября 2019
Запісацца да ўрача без чаргі, атрымаць лекі па электронным рэцэпце і правесці складаную дыягностыку, не выязджаючы ў абласны цэнтр. Шчучынская раённая бальніца ўсяго за год павысіла якасць аказання паслуг да ўзроўню гродзенскіх клінік. Інавацыйны падыход да справы прапанаваў персаналу 30-гадовы галоўны ўрач, і калектыў падтрымаў свайго кіраўніка. Сёння ў прыярытэце камфортнае лячэнне для кожнага пацыента. Пра медыцыну для людзей рэпартаж Юрыя Карняловіча.

Зрабіць медыцынскую дапамогу больш даступнай для насельніцтва – менавіта такую задачу паставілі перад сабою ўрачы Шчучынскай раённай бальніцы год таму. Ініцыятарам інавацыйнага падыходу да працы выступіў галоўны ўрач Іван Загароўскі, які толькі ўзначаліў клініку. Першыя перамены адбыліся ў графіку работы цэлых аддзяленняў. 

Новыя метады працы 30-гадовага кіраўніка адразу прыйшліся даспадобы персаналу клінікі. Усяго за некалькі месяцаў удалося ўкараніць электроннае справаводства. На кожнага пацыента былі заведзены анлайнавыя медыцынскія карткі, што значна спрасціла далейшае лячэнне.

Каб узровень дапамогі быў не ніжэй, як у абласных клініках, у Шчучыне сталі актыўна мадэрнізаваць медыцынскае абсталяванне. Практычна ў кожным аддзяленні з’явіліся сучасныя апараты.

Амаль поўнасцю пераабсталявалі і дыягнастычную лабараторыю. Калі раней элементарны аналіз крыві выконвалі ўручную пры дапамозе прабірак і рэагентаў, сёння ўсё гэта праходзіць аўтаматычна без умяшання чалавека. У жыхароў Шчучынскага раёна адпала неабходнасць ездзіць у Гродна, каб, напрыклад, выявіць анкалагічныя захворванні ці паталогію шчытападобнай залозы.

Павялічылася аператыўнасць і мабільнасць медыцынскіх брыгад. У райцэнтры з моманту звароту і да аказання дапамогі пацыенту праходзіць усяго некалькі хвілін.

Новае абсталяванне з’явілася і ў аўтамабілях хуткай медыцынскай дапамогі. Зараз медыкі, выехаўшы на выклік, маюць магчымасць нават правесці рэанімацыю пацыента.

Усе змяненні ўжо ацанілі жыхары раёна. Дзіяна Цывінская пад пільным наглядам шчучынскіх медыкаў на працягу некалькіх месяцаў. Дзяўчына чакае нараджэння дзіцяці, і каб усё прайшло без праблем, пастаянна кансультуецца са спецыялістамі.

Аптымізаваўшы працу раённай бальніцы, медыкі ўзяліся і за сельскую мясцовасць. У зоне іх адказнасці больш за 400 населеных пунктаў, і далёка не ўсюды ёсць амбулаторыі. Каб кожны жыхар нават самай аддаленай вёскі змог атрымаць якасную дапамогу, ужо да канца года ў Шчучыне з’явіцца мабільны фельчарска-акушэрскі пункт.