Сезон атракцыёнаў у Мінску адкрыты

18 апреля 2015

Акрамя добра знаёмых «Аўтадрома», «Ладдзі», «Вальса», з'явіліся і новыя каруселі. У парку Чалюскінцаў - «Задыяк» - арэлі двайнога гушкання, а ў парку Горкага - «Міні-джэт». Акрамя гэтага, кожныя выхадныя па вечарах працуе танцавальная пляцоўка. Ужо хутка на свежым паветры пачнуцца заняткі па ёзе і гімнастыцы.  Аляксандра Драгун з падрабязнасцямі.

Усе месцы на першы сеанс атракцыёна “Ладдзя” заняў адзін клас - амаль увесь 6 "Б". Пасля заняткаў вучні пайшлі ў парк Чалюскінцаў, каб разам адкрыць новы сезон арэляў.  

Нягледзячы на пераменлівае надвор’е і кароткачасовы дождж, дзіцячы смех ужо чуваць у гарадскіх парках. Амаль паўсотні каруселяў закружыліся ў вальсе.

Атракцыёны, якія эксплуатуюцца больш за 10 гадоў, прайшлі поўны тэхнічны агляд. Акрамя добра вядомых  “Аўтадрома”, “Дзікага цягніка”, “Вальса”, у гэтым сезоне з’явіліся і новыя каруселі. Напрыклад, “Міні-джэт” адкрыўся ў парку Горкага, а ў парку  Чалюскінцаў – “Задыяк”. 

Гушканне на арэлях  не адзіная забава, якую прапануюць у парках Горкага, Чалюскінцаў і імя 900-годдзя Мінска. Напрыклад, увечары па выхадных запрашаюць на танцавальныя сустрэчы людзей рознага ўзросту.

Ад зімовай спячкі ўжо абудзіліся веласіпедысты і бегуны. Напрыканцы мая ў паркі прыйдуць і аматары ёгі. Раніцай пад спевы птушак будуць настройвацца на пазітыў. Для практыкаванняў падыдзе як зялёная паляна, так і асфальтаваная пляцоўка.

У календары запланаваныя  як афіцыйныя падзеі, так і народныя гулянні. Сярод іх - фестываль калясак, пузпарад, Міжнародны дзень астраноміі і свята ратавальнікаў.

Лідзія Вежнавец, начальнік аддзела УП “Гарадскія паркі Мінскзелянбуда”:  "Аркестры сёлета будуць у парку Горкага іграць  у 3 гадзіны кожную нядзелю. 3 мая  можна будзе сустрэцца з аркестрам "Няміга".

Сезон атракцыёнаў працягнецца да 30 верасня. Штодзень пагушкацца на арэлях у гарадскіх парках можна да дзевяці вечара, а ў святочныя і выхадныя дні да дзесяці.