Шэры імпарт і кантрабанда кожны год наносяць бюджэту ўрон

13 апреля 2015

Шэры імпарт і кантрабанда кожны год наносяць бюджэту ўрон, які лічыцца мільярдамі рублёў. У гэтым святле гарантаваць высокую ступень кантролю і актыўна вынішчаць незаконнае перамяшчэнне тавараў праз мяжу - задача нумар адзін для мытных службаў Беларусі. Аб шэрых схемах і кантрабандным топе -  рэпартаж Дзмітрыя Смірнова.

Планшэты, сумкі, адзенне, посуд, аўтамабільныя запчасткі. Мытныя склады амаль на ўсіх пунктах пропуску загружаны разнастайнай шэрай кантрабандай. І вось толькі адзін факт - айфоны ўваходзяць у топ самых папулярных аб'ектаў нелегальнага трафіку.

Юлія Раманюк, старшы інспектар Гродзенскай рэгіянальнай мытні: "У аўтамабілі, які рухаўся па зялёным канале пад кіраваннем грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, быў выяўлены тайнік. У тайніку аўтамабіля перамяшчалі 10 мабільных тэлефонаў айфон 6. Тавар на суму 120 мільёнаў рублёў, які незаконна перамяшчаўся, а таксама аўтамабіль  коштам 200 мільёнаў рублёў  былі канфіскаваны".

Эксперты пацвярджаюць, людзі вязуць практычна ўсё, што мае цэнавую розніцу ў дзвюх краінах. І сума матэрыяльнага ўрону дзяржбюджэту павялічваецца.

Таму адна з асноўных задач мытнай службы - гарантаваць высокую ступень кантролю і актыўна вынішчаць кантрабанду. Пра гэта гаварыў і Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з цэнтральным апаратам камітэта. Узмацніць трэба і барацьбу са злачыннасцю. Акрамя традыцыйнай кантрабанды  асаблівай пагрозай становяцца наркотыкі.

 

Імавернасць увозу кантрабанды павялічваецца з ростам аб'ёму міжнароднага гандлю. Шэрыя партыі ў велікагрузах  выяўляе рэнтгенкомплекс. Дробныя пастаўкі спыняюць мытнікі асабіста.

Гэта і ёсць так званы шэры імпарт - чайнікі, прасы, навагоднія елкі і нават металашукальнікі. Пад выглядам асабістых рэчаў спрабуюць завезці самыя розныя тавары і ў самай рознай колькасці.

Днямі на беларуска-польскай мяжы мужчына ў асабістым аўто спрабаваў прывезці ў Беларусь ні шмат ні мала - 61 тысячу адзінак мэблевай фурнітуры. Зусім не збянтэжыўшыся, ён выбраў зялёны калідор, дзе тавар пры ўвозе не трэба дэклараваць. За такія парушэнні толькі ў пункце пропуску "Бераставіца" за тыдзень складаюць да 10 пратаколаў. 

Аляксандр Таберка, начальнік мытнага паста "Бераставіца": "Грамадзянка не зрабіла дэклараванне і спрабавала перамясціць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь вялікую партыю тавараў -  127 прадметаў адзення, 8 планшэтаў, 4 батарэі для абагрэву бытавых памяшканняў".

Ад якасці працы мытных органаў залежыць і фарміраванне эканамічнага патэнцыялу краіны. У 2014-м камітэт выканаў планавае заданне па зборы плацяжоў у бюджэт. А гэта больш за 45 трыльёнаў рублёў.  Але для паляпшэння працы ў гэтым кірунку ёсць  рэзервы - аптымізацыя льгот па мытных плацяжах.  І яшчэ адна задача для Мытнага камітэта - стварэнне ўмоў для павелічэння экспарту, прытоку капіталу і абарона ўнутранага рынку.