Сёння ва ўсім свеце прайшла "Гадзіна зямлі"

28 марта 2015

У знак беражлівага стаўлення да прыроды беларусы прынялі ўдзел і ў яшчэ адной экалагічнай акцыі, толькі ўжо планетарнага маштабу. Сёння ва ўсім свеце прайшла "Гадзіна зямлі". Роўна на 60 хвілін самыя вядомыя будынкі планеты загасілі свае агні. У падтрымку эканоміі электраэнергіі, а таксама аховы навакольнага асяроддзя наша краіна выступае ўжо 7-ы раз.

Якія будынкі Мінска сёння на гадзіну пагрузіліся ў поўную цемру - раскажа Аляксей Радзівонаў. Біг-Бэн, Эйфелева вежа, Калізей, Егіпецкія піраміды і, вядома ж, Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўсяго на адну гадзіну пагрузіліся ў цемру. Гэта не сусветная праблема з электрычнасцю, як можа здацца на першы погляд. Сёння разам з беларусамі больш як 170 краін свету ад Амерыкі да Кітая ізноў далучыліся да самай маштабнай за ўсю гісторыю экалагічнай акцыі ў свеце - "Гадзіна зямлі".

Акрамя галоўнай бібліятэкі, без асвятлення на 60 хвілін засталіся практычна ўсе будынкі цэнтральных вуліц горада - праспект Незалежнасці і Пераможцаў. Акрамя гэтага, да экалагічнага флешмобу далучыліся "Мінск-Арэна", будынкі ўніверсітэтаў і найбуйнейшыя гандлёвыя цэнтры сталіцы.

Ія Малкіна, першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Мы не маем на мэце захаваць нейкую колькасць энергіі або нейкага эканамічнага эфекту дасягнуць. Нам бы проста вельмі хацелася, каб, адключаючы ў гэты момант святло, кожны чалавек, кожнае прадпрыемства, кожны суб'ект гаспадарання задумаўся аб тым, што сапраўды гэтай праблемай трэба займацца".

Падтрымаць сусветную экалагічную акцыю разам з мінчанамі сабраліся і жыхары іншых буйных гарадоў краіны. У Брэсце ў парку культуры і адпачынку любы ахвочы можа паслухаць "жывую" скрыпку, саксафон і паглядзець на сапраўднае вогненнае шоу. У Гродне ж і зусім прама ў цэнтры горада можна заняцца ёгай - праўда, толькі пры свечках.

Ія Малкіна, першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Самае галоўнае, што для нас асабліва каштоўна, што проста на адну гадзіну мы зможам зразумець, што мы насамрэч адзінае цэлае. Мы ўсе разам уяўляем сабою тое паняцце "чалавек", на якога ўскладзены такі грандыёзны абавязак па захаванні прыроднага патэнцыялу не толькі ў РБ, але і ў цэлым на Зямлі".

Святло ж, упэўніваюць эколагі, выключаюць не столькі дзеля эканоміі, колькі прыцягнуць увагу людзей да праблем экалогіі і захавання прыроднай энергіі. Усяго ў ініцыятыве Сусветнага фонду дзікай прыроды, а менавіта яны, дарэчы, сталі ідэйным натхніцелем міжнароднага праекта, сёння ўдзельнічаюць больш за мільярд людзей. Калі ж гаварыць аб эканоміі, то для Беларусі, гавораць энергетыкі, яна не істотная, бо ў нашай краіне ўжо даўно практычна ўсё асвятленне, можна сказаць, пад хэштэгам "энергазахавальнае" ў той час як, напрыклад, для Філіпін адмова ад штучнага асвятлення ўсяго на адну гадзіну эквівалентная спыненню 6 буйных вугальных станцый.