Сёння ва ўсім свеце адзначаюць галоўнае сямейнае свята

15 мая 2013

У Міжнароднага дня сям'і сёлета юбілей. Афіцыйным святам ён стаў роўна 20 гадоў таму. Сям'я - самае важнае ў жыцці любога чалавека, пра гэта сведчаць і лічбы. У Беларусі сёння без малога 3 мільёны сем'яў. 


Улада Карніцкая пра сямейныя каштоўнасці.


Нават высакосны год не перашкода. Беларусы аказаліся не занадта забабоннымі, у 2012 у нашай краіне з'явілася адразу 76 тысяч сем'яў. Сёлета,  заяўляюць у Нацыянальным статыстычным камітэце, гэтая лічба можа вырасці ўдвая.

Дзяўчаты лічаць за лепшае выходзіць замуж у 25, а мужчыны прымяраюць вясельны смокінг  у 27 гадоў. Апошні час стала прыкметна яшчэ адна тэндэнцыя. Усё больш маладажонаў пенсійнага ўзросту афіцыйна рэгіструюць адносіны. Толькі летась у ЗАГСы зазірнулі каля 600 такіх пар.


Вольга Клаўсуць, прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі: З кожным годам сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб павялічваецца, як і ў шматлікіх еўрапейскіх краінах. Для параўнання ў 2005 годзе жанчыны ўступалі ў шлюб упершыню ва ўзросце 23 гадоў, а мужчыны ва ўзросце 26 гадоў.


У сярэднім у 25 гадоў беларускі становяцца маці. Усяго ж летась з'явілася 120 000 малых. Прычым, гэтая лічба з кожным годам прыкметна расце. Часцей за іншых крык нованароджаных чуюць урачы ў Брэсцкай вобласці. Двайняты ў Беларусі,  калі параўноўваць з 2011,  сталі нараджацца часцей. Больш стала і трайнят.  У 2012 у 45 сем'ях з'явіліся адразу тры малыя.