Сёння ў Жлобіне стартавала галоўнае свята працаўнікоў сяла Дажынкі-2013

27 сентября 2013

Райцэнтр прымае шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў рэспубліканскага свята. Настрой у фестывальнай сталіцы прыўзняты з самай раніцы. Старт мерапрыемствам далі спаборніцтвы Уладар сяла - гэты конкурс сярод маладых сельскіх сем'яў праходзіць ужо не першы год. Але ўпершыню яго фінальны этап адкрывае праграму Дажынак. Шэсць лепшых маладых сем'яў з кожнай вобласці спаборнічалі за права звацца ўладарамі сяла. Канкурсантам давялося пілаваць і секчы дровы на хуткасць, спяваць песні і нават сумеснымі высілкамі запрагаць каня.


Святочнае шэсце пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і нарыхтоўцы кармоў стала стартам ужо афіцыйнай часткі ўрачыстасцяў. На чале калоны хлебаробаў сімвал фестывалю - хлебны каравай вагай 200 кілаграмаў і 2 метры ў вышыню. Ён выпечаны гомельскімі хлебапекарамі. Для яго перавозкі прыйшлося спецыяльна абсталяваць аўтамабіль. Дарэчы, выпеклі хлеб з мукі цяперашняга ўраджаю. А значыць, у ім ёсць часцінка ад кожнага, хто працаваў у поле.


Пасля шэсця хлебаробаў на галоўнай сцэне Дажынак прайшла цырымонія ўзнагароджання сярэбраных і бронзавых прызёраў жніва-2013. У падарунак лепшыя камбайнёры, вадзіцелі, аграномы атрымалі граматы, каштоўныя прызы і грашовыя прэміі. Заўтра ў Жлобіне будуць ушаноўваць залатых прызёраў жніва, а падрабязнасці дня сённяшняга - на інфармацыйным канале Панарама.