Радыё "Сталіца" у прамым эфіры адзначае рокавую 20. Віншуем!

21 сентября 2018

Канцэртная пляцоўка на хвалях! Сёння ў прамым эфіры радыё "Сталіца" адзначае рокавую дваццатку! Падраздзяленне галоўнага медыяхолдынга створана 21 верасня 1998 года. Сёння гэта адзіная цалкам беларускамоўная радыёстанцыя FM-фармату. З міні-канцэртамі ў эфіры "Сталіцу" павіншуюць тры калектывы: "Палац", The Superbullz і :B:N:

Дзмітрый Абрамчык, намеснік дырэктара радыёстанцыі "Сталіца": "Наш слухач - гэта чалавек, які вельмі цэніць якасную музыку, які імкнецца даведацца пра сваю беларускую рок-музыку шмат чаго цікавага. Але, зразумела, нашы слухачы – гэта, па-першае, нашы сябры. Стараліся зрабіць эфір паўнавартасным, цікавым, музычна насычаным, песні падбіралі амаль што ўручную".

Далучыцца да віншаванняў і паўдзельнічаць у прызавых віктарынах можа кожны. Досыць патэлефанаваць у студыю, адправіць паведамленне на кароткі нумар або праз сацсеткі. Дарэчы, радыё "Сталіца" вяшчае круглыя суткі на ультракароткіх хвалях па ўсёй Беларусі і на частаце 105,1 FM у Мінску.