Адпачынак для здароўя і з карысцю

27 июня 2014
Кіраўнікі аздараўленчых лагераў сталіцы сёння трымалі майстар-клас па арганізацыі вольнага часу падлеткаў. Практычны семінар прайшоў на аздараўленчай базе, якая мае багаты вопыт працы з дзецьмі. Ёга, кулявая стральба, дыджэінг, сцэнічнае майстэрства. Парады, як адпачыць з карысцю, выслухаў Аляксандр Харавец.


13-гадовы Улад Бандарык зусім нядаўна асвоіў пульт дыджэя. Аднак ужо сёння сам спрабуе пісаць музыку і выступаць на вячэрніх дыскатэках. Зводзіць трэкі і накладваць гукавыя эфекты на прафесійнай апаратуры школьнікам дапамагае вопытны дыджэй.
Літаральна за некалькі метраў праходзяць заняткі па акцёрскім майстэрстве. Тут дзяцей вучаць не толькі пераўвасабляцца ў герояў твораў Шэкспіра, Коласа і Мележа, але і сцэнічнай мове.
За 21 дзень адпачынку школьнікі могуць паспрабаваць сябе ў 10 амплуа. Ад вядучага масавых мерапрыемстваў да трэнера ёгі і прафесійнага снайпера.
Кулявая стральба - адзін з самых любімых гурткоў у дзяцей. Тут адпачывальнікаў вучаць не толькі трапна страляць, але і правільна дыхаць і канцэнтраваць увагу.
Сервіроўка сталоў, прыбіранне памяшканняў, збор садавіны і агародніны - гэтым займаюцца дзеці ў лагерах працы і адпачынку. Як правільна арганізаваць іх вольны час - расказвалі сёння дырэктарам аздараўленчых лагераў падчас практычнага семінара.
Валерый Нафрановіч, начальнік Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва: Дзеці дзесьці зарабляюць у нас каля 2 мільёнаў за 18 дзён знаходжання. Пры гэтым праца не павінна перавышаць 4 гадзіны за суткі. Упершыню было летась, вельмі падабаецца, бацькі рэкамендуюць дзецям у гэтыя лагеры працы і адпачынку.
Ганна Рысевец, начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай працы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама: Адпачынак павінен развіваць. Выхаваўчы працэс не мае перапынку на канікулы, таму кожны лагер, распрацоўваючы праграмы, робіць акцэнт на тое, каб адпачынак быў цікавым, каб для кожнага дзіцяці час у лагеры быў паспяховым.
Лагеры працы і адпачынку, палатачныя лагеры, сэрвісныя атрады - прапаноў для аздараўлення дзяцей сёння дастаткова. Гэтак жа як і арыгінальных ідэй, як зрабіць разнастайным і карысным вольны час школьнікаў.