Сёння ў свеце адзначаюць Дзень аховы помнікаў і гістарычных мясцін

18 апреля 2021

Міжнароднай ініцыятыве 38 гадоў. Адзін з найважнейшых дакументаў, прынятых пад яе эгідай, - Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны.

Свята адзначаюць і ў Беларусі. У спіс Сусветнай культурнай спадчыны ўваходзяць нашы Мірскі і Нясвіжскі замкі, Белавежская пушча і геадэзічная дуга Струвэ. Акрамя таго, дзясяткі айчынных помнікаў гісторыі з'яўляюцца перспектыўнымі для ўключэння ў прэстыжны сусветны рэестр. У нацыянальным пераліку найбольш каштоўных помнікаў звыш 5 тысяч аб'ектаў.

Музей-сядзіба "Дзяржынава" - гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі

Сярод іх і мемарыяльны комплекс "Дзяржынава", які знаходзіцца на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна і ўяўляе сабой радавую сядзібу знакамітага дзяржаўнага дзеяча савецкай эпохі, легендарнага чэкіста Фелікса Дзяржынскага. Самай  памятнай мясціне 250 гадоў. 15 гадоў таму комплекс "Дзяржынава" здабыў статус музея-сядзібы і ўвайшоў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Радавая сядзіба Дзяржынскіх вядзе свой пачатак з XVIII стагоддзя. У доме-сядзібе 6 залаў і сотні экспанатаў. Кожны распавядае пра гісторыю сям'і Дзяржынскіх. Асобная калекцыя - сувеніры і падарункі музею ў гонар выдатнага ўраджэнца Стаўбцоўскага края.