Сёння ў свеце адзначаецца Дзень пошты

9 октября 2018

Беларусь больш за 70 гадоў уваходзіць у Сусветны паштовы саюз. Высокая якасць паслуг адзначаецца міжнароднымі сертыфікатамі. Сёлета ў Мінску пачалі працаваць паштаматы - аўтаматычныя тэрміналы, дзе можна забраць пасылку. А ў планах - дастаўка пошты так званымі мультыкоптарамі. Падрабязней - Марына Мураўёва.

Сваю працу на пошце Валянціна Віктараўна пачала адразу пасля школьнага выпускнога. Скончыла тэхнікум сувязі, потым - універсітэт. Так і не здраджвае пошце вось ужо 45 гадоў.

Сёння Валянціна Пугач працуе на Мінскім паштамце. Кажа, прыемна бачыць, як сучасныя тэхналогіі мяняюць падыходы да абслугоўвання кліентаў. Цэнтральнае паштовае аддзяленне сталіцы - першым апрабоўвае ўсе ноу-хау.

Штодзень супрацоўнікі Паштамта абслугоўваюць да 10-ці тысяч кліентаў, прымаюць больш за 3000 лістоў, каля тысячы пасылак і хуткасных адпраўленняў. Тут, у пасылачнай зале ўся карэспандэнцыя чакае кур'ерскай машыны, а потым і сарціроўкі.

Аўтаматызаваныя рабочыя месцы аператараў скарачаюць электронныя чэргі, тэрміналы самаабслугоўвання дазваляюць самастойна аплаціць камунальныя паслугі або адправіць заказны ліст. Апошняя тэхналагічная навінка - паштаматы - адразу пацвердзіла сваю актуальнасць і запатрабаванасць.

Перспектыўны праект, які зараз знаходзіцца ў распрацоўцы, - дастаўка пошты мультыкоптарамі. Мабільныя апараты змогуць тэрмінова дастаўляць карэспандэнцыю ў аддаленыя і цяжка даступныя населеныя пункты. Высокая якасць беларускіх паштовых паслуг неаднаразова адзначалася міжнароднымі сертыфікатамі. Марка, выпушчаная Белпоштай, увайшла ў дзясятку самых прыгожых у свеце на выставе ў Аўстрыі.

У рэйтынгу Сусветнага паштовага саюза, у які ўваходзяць 190 краін, Беларусь - на 32-м месцы. Узняцца яшчэ вышэй дазволіць укараненне новых лічбавых форм паслуг.