Сёння ў Беларусі пачынае дзейнічаць бязвізавы рэжым

12 февраля 2017

Беларусь сёння афіцыйна адкрыла свае межы для падарожнікаў з іншых краін. Жыхары 80 дзяржаў зараз змогуць наведваць нашу краіну без спецыяльных адзнак у пашпарце. Статыстыка апошніх гадоў паказвае, што іншаземцы паступова адкрываюць Беларусь для адпачынку. Колькасць турыстаў за пяць гадоў павялічылася ўдвая.

Сёння ў Беларусі пачынае дзейнічаць бязвізавы рэжым. Пасля апоўдня павінны прызямліцца рэйсы з Вены, Франкфурта, Рыгі і Польшчы. Магчыма, прыбудуць і першыя турысты, якія змогуць знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны 5 дзён без спецыяльных адзнак у пашпарце. Вольны ўезд Беларусь устанавіла для грамадзян 80 дзяржаў. У спіс увайшлі 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўрасаюз, а таксама Бразілія, Інданезія, ЗША, Японія і іншыя дзяржавы.

Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 9 студзеня гэтага года. Літаральна праз два дні пастанова была апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. З гэтага моманту пачаўся адлік да ўступлення рашэння ў сілу - усяго месяц. Гаворка ідзе толькі пра тых гасцей нашай краіны, якія будуць уязджаць і выязджаць праз пункт пропуску Нацыянальны аэрапорт Мінск.

Эндру Дыксан - публіцыст і журналіст радыё BBC. У Беларусі пісьменнік упершыню. Прыехаў у нашу краіну на кніжны кірмаш, дзе прадставіў сваю працу пра Шэкспіра і яго п'есы. Журналіст упэўнены, спрошчаны ўезд дапаможа зняць бар'еры паміж краінамі. Ды і сам плануе вярнуцца ў Беларусь, калі пацяплее.

Эндру Дыксан, пісьменнік, публіцыст, радыёвядучы BBC Radio 4:

"Адмена віз - гэта вельмі важны крок. Шматлікія брытанцы зусім нічога не ведаюць пра Беларусь. І ваша краіна з'яўляецца загадкавай і прывабнай для іх у гэтым сэнсе. Неабходнасць афармлення візы спыняла многіх ад паездак да вас".

Указ у першую чаргу распаўсюджваецца на краіны, спрыяльныя ў міграцыйным плане, а таксама стратэгічных партнёраў Беларусі і дзяржавы, якія раней у аднабаковым парадку ўвялі бязвізавы рэжым для нашых грамадзян. Сярод асноўных мэт распараджэння - прыцягненне ў краіну замежных бізнесменаў, турыстаў і прыватных асоб.

Каб прыехаць у Беларусь без візы, неабходна мець пашпарт, страхоўку і пэўную суму грошай з разліку - 46 рублёў на кожны дзень знаходжання ў краіне. Адзначым, бязвізавы рэжым не будзе распаўсюджвацца на падарожнікаў, якія прылятаюць у Мінск з Расіі, або ляцяць з Беларусі ў расійскія аэрапорты. Такія авіярэйсы з'яўляюцца ўнутранымі і пагранічнага кантролю на іх няма.