Сёння ў католікаў распачаўся Вялікі пост

10 февраля 2016

40-дзённаму перажыванню і цярпенню папярэднічае Попельная серада. Таму падчас сённяшніх літургій святары пасыпаюць галовы вернікаў асвечаным попелам, кажучы: «Ты прах і ў прах вернешся»…. Гэты сімвалічны акт адначасова азначае недасканаласць чалавечай натуры, пакаянне, а таксама згоду на перамены ва ўласным жыцці. Традыцыйна на час Вялікага посту хрысціяне вызначаюць асабістыя пастановы, каб годна падрыхтавацца да Уваскрэсення Хрыстовага. Аляксандра Драгун аб традыцыях на час чакання Вялікадня.

Попельнай серадой у католікаў пачынаецца асаблівы перыяд у літургічным жыцці – час руплівай малітвы, споведзі і духоўных разважанняў. На працягу 40 дзён вернікі будуць сам-насам са сваім сумленнем - рабіць працу над памылкамі ў асабістых паводзінах і жыцці.

Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі:

«Малітва, пост і міласціна – тры вялікія слупы, на якіх мы павінны будаваць жыццё ў часе посту. Трэба стаць перад люстэркам Божага закону. Люстэрка ніколі нас не падмане, не ашукае, але скажа, як мы выглядаем. І так Божае люстэрка, люстэрка Божага закону скажа, як мы выглядаем духоўна».

У час Вялікага посту ў святынях з'яўляюцца дэкарацыі і выявы, якія азначаюць пакуту і час чакання ўваскрэсення. Светлыя ўпрыгажэнні замяняюць фіялетавыя і цёмныя колеры ў знак смутку і тугі.

Попельная серада атрымала назву ад спецыяльнага абраду, які сёння праводзяць ва ўсіх каталіцкіх касцёлах. Святары пасыпаюць галовы вернікаў асвечаным попелам, кажучы: «Ты прах і ў прах вернешся». Гэты знак сімвалізуе недасканаласць чалавека і пакаянне.

Гэты попел асаблівы. Каб яго атрымаць, спальваюць леташнія галінкі вярбы, якія вернікі асвячалі ў касцёлах у Пальмовую нядзелю.

У Попельную сераду вернікам варта ўстрымацца ад мясных страў і захоўваць сціплы пост. А на працягу ўсіх 40 дзён, безумоўна, абмежавання ў ежы будзе недастаткова - патрэбна плённая духоўная праца і ўдзел у святой імшы.

Падчас Вялікага посту праз крыжовы шлях і песні-жальбы вернікі разважаюць над пакутамі Хрыста, асабістымі адносінамі да Бога і блізкіх. Так праз духоўныя практыкаванні хрысціяне рыхтуюцца да сустрэчы самага галоўнага, светлага і радаснага свята - Вялікадня.