Сёння свой дзень нараджэння адзначае і горад Ліда

9 сентября 2017

Свята праходзіць у фармаце музычнага опэн-эйра і збірае дзясяткі тысяч беларусаў і замежных гасцей. Прычым сёлета маштабны фестываль абяцае пабіць рэкорд наведвальнасці. Зараз у Лідзе працуе здымачная група Агенцтва тэленавін.

На прамую сувязь са студыяй выходзіць Іна Пілевіч (прамое ўключэнне).

У гэтыя хвіліны тысячы лідчан і гасцей горада ў чаканні хітоў "Без бою", "Я так хочу", "911". Праз некалькі імгненняў на пляцоўцы пад адкрытым небам ля Дома культуры выступіць група "Акіян Эльзы". Украінскі калектыў з'яўляецца хэдлайнерам фестывалю, які арганізавалі да дня нараджэння горада.

Праўда, адназначнага меркавання пра дату заснавання Ліды няма. Але большасць гісторыкаў злучае зараджэнне горада з пачаткам будаўніцтва Лідскага замка. У 1323 годзе князь Гедымін ініцыяваў стварэнне абарончага будынка. Сімвалічна, што менавіта ля сцен гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны, найстарэйшага будынка і жамчужыны горада і адбылося адкрыццё фестывалю. У сярэднявечным антуражы выступілі рыцары ўжо XXI стагоддзя - члены клубаў гістарычнай рэканструкцыі.

Спецыяльна да свята цэнтр горада стаў пешаходным. На працягу ўрачыстасці працуюць шматлікія фуд-корты, праходзяць квэсты, працуюць цырк, лунапарк, фотазоны. Адкрыўся для наведвання і мясцовы піўзавод - там увесь дзень бясплатныя экскурсіі. Ды і музыка прапаноўваецца на любы густ - у горадзе працуюць дзве сцэны пад адкрытым небам. На галоўнай сцэне ўжо выступілі "Люмэн" і "Пятля Прыхільнасці". Зараз прашу рэжысёраў паказаць некалькі фрагментаў выступлення і інтэрв'ю з артыстамі.

У падобным фармаце Ліда святкуе дзень нараджэння ўжо трэці раз. Летась open-air наогул стаў найбуйнейшым фестывалем краіны.

У Ліду прыехалі больш за 100 000 гасцей з Беларусі і суседніх краін, сёлета арганізатары лідскага опэн-эйра спадзяюцца пабіць свой рэкорд. Горад падрыхтаваўся да такога наплыву турыстаў. Недалёка ад галоўнай сцэны створаны палатачны гарадок. Свае спальнікі захапілі і мы, бо самае цікавае яшчэ наперадзе: пасля выступлення "Акіяна Эльзы" неба над Лідай размалюе феерверк.