Сёння стартаваў апошні этап білетнай праграмы чэмпіянату свету ў Мінску

25 ноября 2013

Зараз можна купіць не толькі абанементы, але і квіткі на асобныя матчы. Ля галоўнай касы білетнага аператара ўжо раніцай сабралася цэлая чарга. Людзі разумеюць - трэба спяшацца. Бо пятая частка ўсіх білетаў ужо рэалізаваная ў абанементах. Колькі каштуе запаветны білет - у рэпартажы Паўла Капуцкага.


Да пачатку рэалізацыі квіткоў больш за 4 гадзіны. А каля кас галоўнага білетнага аператара чэмпіянату свету чарга і не маленькая. Гэтыя людзі вельмі хочуць трапіць на хакей.


25 лістапада 16:00 - дату і час аб'явілі загадзя і да самых зацікаўленых інфармацыя дайшла. Першым, у 8 раніцы сюды прыйшоў Арцём. Працуе на будоўлі, прараб. Восем гадзін (гэта як раз рабочая змена) аддаў на чаканне запаветных білетаў.


Пяццю паверхамі вышэй офіс кампаніі - афіцыйнага білетнага аператара. На стале генеральнага дырэктара Максіма Сушчынскага стос білетаў, больш дакладна бланкаў. Пустыя палі запаўняюцца ў момант продажу квітка.


Кірыл Сушчынскі, дырэктар кампаніі па продажы білетаў на чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску: Нашы вельмі многія балельшчыкі чакалі гэтага дня. Мы назіралі некаторае зацішша за тыдзень да старту адзіночных продажаў. Сёння чаканы ўсплёск продажаў на адзіночныя матчы.


Пётр Рабухін, менеджар дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі: Я думаю, што да Новага года мы закончым продаж білетаў на асноўныя матчы. І застануцца, як мы дзелім каманды на рэйтынгавыя - не рэйтынгавыя. Так што тым, хто хоча паглядзець чэмпіянат свету на добрых месцах, пажадана зрабіць гэта зараз.


У абанементах рэалізавана 120 тысяч білетаў з 650. На некаторыя матчы трапіць ужо шанцаў няма або амаль няма. Напрыклад, паядынкі з удзелам беларускай, расійскай або латвійскай зборных. Цана білетаў рэкордна нізкая - ад 6 еўра. У Беларусі каля 200 пунктаў, дзе іх можна набыць.


Таксама ёсць Інтэрнэт, дзе працэс зойме прыкладна 5-7 хвілін. Для іншаземцаў білет дае яшчэ і права ўезду ў краіну. Гэты факт, пакуль завочна, дазволіў абагнаць па наведвальнасці папярэднія чэмпіянаты.


Чэмпіянаты двух апошніх гадоў у Швецыі і Фінляндыі з нашым па колькасці гледачоў тым больш наўрад ці зраўнуюцца. Там абодва разы здарыўся правал па частцы прыцягнення балельшчыкаў. Гасцей чакаецца шмат, а таму на нашым чэмпіянаце будзе рэкордная колькасць валанцёраў - больш за тысячу. Зараз ідзе адбор - заявак у тры з паловай разы больш, чым месцаў.


Максім Кошкалда, менеджар дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі-2014: Ёсць людзі не толькі 24-25-гадовыя, ёсць і 40-50-гадовыя, ёсць і пенсіянеры. Я думаю, што гэта вельмі цікава для ўсіх, прыняць адбор у такім вялікім мерапрыемстве.