Сёння пачаўся прыём дакументаў у ВНУ

12 июля 2017

Падаваць дакументы на бюджэт абітурыенты могуць на працягу пяці дзён – да 17 ліпеня ўключна. На платныя месцы тэрмін падачы прадоўжыцца да 4 жніўня. Прыёмная кампанія - 2017 ужо ўстанавіла некалькі рэкордаў. Так, на 100 балаў тэсціраванне здалі 303 абітурыенты. А 100 балаў адразу па двух прадметах атрымалі 11 абітурыентаў. Высокія вынікі тэсціравання дэманструюць і вучні з Мінскай вобласці. Да максімальнай сумы балаў – 391 з 400 магчымых – наблізіўся выпускнік першай гімназіі Вілейкі. Залаты медаліст Ягор Белахвостаў – плануе паступаць у Беларускі дзяржаўны медуніверістэт. Надзея Сербіненка сустрэлася са "стобальнікам".

Хімія – 100, біялогія – 99, руская мова – 96. З такімі баламі выпускнік першай вілейскай гімназіі будзе паступаць у ВНУ. У трох тэстах юнак дапусціў толькі дзве памылкі. У выніку да максімальнай лічбы – чатырыста з чатырохсот - яму не хапіла ўсяго дзевяць балаў.

Два гады напружанай падрыхтоўкі, тысячы старонак навуковага тэксту, дзясяткі спісаных сшыткаў і сотні завучаных формул. Да высокага выніку Ягор ішоў мэтанакіравана. І ва ўсім свайго сына падтрымлівала мама Юлія.

Акрамя хіміі і біялогіі, Ягор захоплены валейболам, тэнісам, більярдам і музыкай.

Падаваць дакументы Ягор будзе ў медуніверсітэт на стаматалагічны факультэт.