Сёння - Міжнародны дзень мытніка

26 января 2016

Ва ўсім свеце свята адзначаць больш як 800 тысяч чалавек. Як паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі, на нашай мяжы з'явіцца новае абсталяванне. Упершыню будуць сканіраваць тавары на чыгунцы з дапамогай спецыяльнага комплексу. Адпаведна, скароціцца час праверкі мінімум у 2 разы. Устаноўка для цягнікоў з'явіцца ўжо сёлета на станцыі Брэст-Паўночны. Такімі комплексамі беларускія мытнікі карысталіся і раней. Праўда, прызначаныя яны былі толькі для аўтатранспарту. Усяго ў нашай краіне зараз 9 такіх установак, 3 з іх запрацавалі летась.

Юрый Сянько, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі:

"За 2015 год у нас былі прасканіраваныя 130 тысяч транспартных сродкаў, з іх было выяўлена 412 адміністрацыйных правапарушэнняў. Калі браць у лічбах выніковасці, то дзякуючы рэнтген-комплексам у нас выніковасць павялічылася амаль у 2,5 раза".

Акрамя таго, сёлета беларуская мытня пяройдзе на аўтаматычны выпуск дэкларацый. Г. зн. пры электронным дэклараванні не інспектар мытні, а камп'ютар будзе афармляць дакументы, а ўжо пасля яны з электронным подпісам адправяцца назад на прадпрыемства. Праўда, пакуль такая практыка - толькі эксперымент.