Сёння каталіцкія вернікі адправіліся ў велапілігрымку да Маці Божай Будслаўскай

28 июня 2017

Па духоўнае ўзбагачэнне ў велападарожжа. Сёння каталіцкія вернікі адправіліся ў велапілігрымку да Маці Божай Будслаўскай на двухколым транспарце. За тры дні яны праедуць больш за 120 кіламетраў да Нацыянальнага санктуарыя. Менавіта там знаходзіцца галоўная каталіцкая святыня – цудатворная ікона Будслаўскай Божай Маці. Сёння раніцай пасля богаслужэння з Чырвонага касцёла выехалі каля 40 велапілігрымаў. Разам з імі па добрай традыцыі частку шляху пераадолее і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гэтыя дні пакланіцца іконе Божай Маці ў Будславе збіраюцца тысячы вернікаў. Хтосьці ідзе пешшу, некаторыя едуць на веласіпедзе альбо аўто. У кожнага падчас падарожжа свая мэта - патаемныя думкі, просьбы і надзеі. Нагадаем, галоўныя ўрачыстасці ў Будслаўскім санктуарыі пройдуць 30 чэрвеня і 1 ліпеня. Сёлета яны прымеркаваныя да стагоддзя з'яўлення Маці Божай Фацімскай.