Самыя яркія і кранальныя моманты святочнага Мінска

9 мая 2015

Асаблівая атмасфера цэлы дзень сёння пануе ў Мінску. Адразу пасля парада сталіца ператварылася ў адну вялікую святочную сцэну. Сімвалічна - у дзень 70-годдзя Перамогі - горад падарыў мінчанам і гасцям парадку 70 мерапрыемстваў. Але, што б гэта ні было - канцэрт, спаборніцтвы асілкаў, выступленні вулічных музыкантаў, тэатралізаваны паказ або выстава тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай прама пад адкрытым небам - галоўная ідэя, якая аб'ядноўвала ўсе без выключэння святочныя пляцоўкі - гэта ідэя Вялікай перамогі, ідэя памяці подзвігу нашых дзядоў і прадзядоў і неабходнасці сёння, праз 70 гадоў, перадаваць гэту святую памяць з пакалення ў пакаленне, каб больш ніколі не было вайны.

Паліна Іванча сабрала самыя яркія і кранальныя моманты святочнага Мінска. Тое, што сёння адбывалася ля музея Вялікай Айчыннай, можна параўнаць хіба што з паломніцтвам. Дакрануцца да гісторыі сюды прыехалі сотні беларусаў з усёй краіны.

Трыумф савецкіх воінаў-вызваліцеляў над нямецка-фашысцкімі захопнікамі сталіца святкуе сімвалічнымі лічбамі. Больш як 7 дзясяткаў мерапрыемстваў у дзень 70-годдзя Вялікай Перамогі. Але ў кожным з іх падзяка тым, перад кім мы назаўжды ў неаплачаным даўгу.

Сёлета цэнтрам, а больш дакладна магістраллю народных гулянняў, стаў увесь праспект Пераможцаў: ад Палаца спорту да парку Перамогі. Уздоўж яго размясціліся кірмашы народных рамёстваў і дзясяткі пляцовак з ваенным рэпертуарам. Пад гукі дарагіх сэрцу песень у парку Перамогі адкрылася алея "Пераможнага бэзу".

Ля палаца спорту сёння выпрабоўвалі мужнасць, але ўжо сучасную. Тут прайшлі спаборніцтвы па сілавым экстрыме і варкаўце. Дарэчы, усяго ў сталіцы адбылося больш як 100 спартыўных мерапрыемстваў, у іх удзельнічалі каля 7 тысяч беларусаў.

Музычны балкон, гістарычныя рэканструкцыі і тэатр на асфальце. Яшчэ адна пляцоўка народных гулянняў - Верхні горад - зноў атрымала статус прыстанку сталічнага вулічнага мастацтва. Гэтымі днямі тут адкрыты так званы летні турыстычны сезон. А гэта значыць, што да канца кастрычніка па выхадных месца стане свабодным ад аўтамабіляў і будзе працаваць у лепшых традыцыях пешаходных зон.

І роўна ў 11.00 са станцыі Заслонава маленькія беларусы адправіліся ў падарожжа "Па рэйках Перамогі". А на пляцоўцы ля "Чыжоўка-Арэны" адкрылася ваенная экспазіцыя пад адкрытым небам - сярод экспанатаў зброя і тэхніка ў мініяцюры.

Гэтым вечарам, з упэўненасцю можна сказаць, Мінск рана не засне. Ужо зусім хутка неба над сталіцай расфарбуюць залпы святочнага салюту. Ізноў прагучыць пераможнае ўра, у якім праз 70 гадоў ва ўнісон зліюцца галасы герояў той вайны і новага пакалення беларусаў, пакалення, дзеля якога здзяйсняліся подзвігі і дзеля якога коштам мільёнаў жыццяў была заваяваная перамога. Перамога, якая ёсць не ў кожнага народа. І, гледзячы сёння на тое, як святкавалі гэты дзень у Мінску і як прадаўжаюць святкаваць, сумненняў не застаецца: "Мы бязмерна ўдзячныя! Мы памятаем! І мы ганарымся!"