Самая добрая гарадская акцыя «Нашы дзеці» стартавала ў Мінску

11 декабря 2018

Віншаванні і падарункі атрымалі 250 хлопчыкаў і дзяўчынак. У Палацы дзяцей і моладзі для выхаванцаў школ-інтэрнатаў, гімназій, дзіцячых садкоў падрыхтавалі чароўнае падарожжа.

Наш карэспандэнт Юлія Токар пазнаёмілася з тымі, хто больш за ўсіх чакае Новы год.
Час добрых спраў і чараўніцтва. Некалькі гадзін таму тут, у Палацы дзяцей і моладзі, далі старт дабрачыннаму навагодняму марафону. Для «Нашых дзяцей» кіраўніцтва горада, прадстаўнікі розных устаноў і арганізацый зробяць гэты снежань па-сапраўднаму яскравым і навагоднім месяцам.
У навагодняе падарожжа разам са спрытным піратам накіраваліся і вучаніцы 14-й сталічнай гімназіі Аліна Пунтус і Марыя Яршова. Гэту паездку ў Палац дзяцей і моладзі дзяўчынкі чакалі цэлы год, каб асабіста перадаць свае патаемныя мары Дзеду Марозу.
Шчодры марафон будзе доўжыцца амаль месяц. Без увагі не застануцца выхаванцы інтэрнатаў, дзіцячых садкоў, школ - усяго больш за 15 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак па ўсёй краіне. А галоўная ёлка па традыцыі пройдзе ў Палацы Рэспублікі.