Роўна тыдзень застаўся да пачатку вучэння "Захад-2017"

7 сентября 2017

Беларуска-расійскія манеўры стартуюць 14 верасня. Іх мэта - адпрацоўка ўзаемадзеяння вайскоўцаў з дзвюх краін. Падчас манеўраў будуць адпрацаваныя і дзеянні па ахове і абароне ваенных аб'ектаў, блакаванні і ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў. У Мінабароны Беларусі падкрэсліваюць, што "Захад 2017" носіць выключна абарончы характар. Зрэшты, ажыятаж вакол манеўраў не суціхае з пачатку вясны. Еўрапейскія СМІ, напрыклад, сур'ёзна пішуць пра высокую імавернасць інтэрвенцыі беларуска-расійскай групоўкі на тэрыторыю Паўночнаатлантычнага альянсу. Як насамрэч будзе праходзіць "Захад 2017", каму выгадная шуміха вакол манеўраў - распавядзе Юрый Казлоў.

Абарончыя беларуска-расійскія вучэнні "Захад" носяць планавы характар. Пачынаючы з 2009, яны праводзяцца раз на два гады. Мінск і Масква займаюцца арганізацыяй манеўраў па чарзе. На тэрыторыі нашай краіны вучэнне "Захад" пройдзе трэці раз.

Актыўная фаза "Захад 2017" пачнецца роўна праз тыдзень, аднак падрыхтоўка да манеўраў даўно ідзе поўным ходам. З ліпеня падраздзяленні інжынерных войскаў займаюцца абсталяваннем фартыфікацый на палігоне пад Барысавам - ужо гатовыя акопы для асабовага складу і тэхнікі, агнявыя пазіцыі, супрацьтанкавыя загароды. А, мабыць, самым эфектным этапам падрыхтоўкі да "Захаду" стала адпрацоўка пасадкі баявой авіяцыі на ўчастак аўтатрасы Мінск - Магілёў.

Нягледзячы на планавы характар, манеўры выклікалі небывалы ажыятаж і ў заходняй, і ва ўсходнееўрапейскай прэсе - каля 800 тысяч згадванняў за апошнія 9 месяцаў, гэта без уліку руска-, беларуска- і ўкраінамоўных рэсурсаў. Эксперты, зрэшты, такой увазе не здзіўляюцца. Вучэнне праходзіць на фоне няпростага ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне.

Гэта і ўкраінскі крызіс, і абвастрэнне ў адносінах Расіі з Захадам, і нарошчванне сіл НАТА на ўсходніх межах альянсу.

Дарэчы, гэты год стане для НАТА рэкордным па ўзроўні актыўнасці - на 2017 ваенны блок запланаваў 85 вучэнняў. Траціна з іх - ля меж Саюзнай дзяржавы.

Важная папраўка - агульная колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў "Захадзе 2017", - 12700 чалавек. Але непасрэдна на тэрыторыі нашай краіны будуць задзейнічаныя каля 10 дзесяці тысяч 200 вайскоўцаў - каля 7 тысяч беларусаў і 3 тысяч расіян. У дадатак, улічваючы напружанасць у рэгіёне, Беларусь спецыяльна праводзіць актыўную фазу манеўраў на аддаленых ад дзяржмяжы палігонах. Аднак у заходніх СМІ, прычым даволі аўтарытэтных, маштаб "Захаду 2017" часам перабольшваецца ў дзесяць разоў, а абарончае вучэнне ператвараецца ў падрыхтоўку "да інтэрвенцыі на тэрыторыю НАТА".

Мабілізацыяй 100 тысяч салдат ля еўрапейскай мяжы "Захад 2017" называе брытанская Guardian. У такім жа ключы яшчэ не распачатыя манеўры апісвае і нямецкая Frankfurter Allgemeine Zeitung.

А вось афіцыйныя заявы кіраўніцтва НАТА вытрыманыя ў куды больш спакойным тоне. На сустрэчы міністраў абароны альянсу ў Эстоніі Генеральны сакратар ваеннага блока Енс Столтэнберг астудзіў гарачыя галовы і заклікаў кіраўнікоў еўрапейскіх абаронных ведамстваў да спакою.

Енс Столтэнберг, Генеральны сакратар НАТА: "Мы будзем уважліва сачыць за ходам вучэнняў. Мы на варце, хоць і захоўваем спакой, паколькі не бачым непасрэднай пагрозы ні аднаму з саюзнікаў НАТА. Мы адпраўляем трох экспертаў на вучэнні, атрымаўшы запрашэнне ад Расіі і Беларусі. Наша мэта заключаецца ў тым, каб рэагаваць узважаным і прапарцыянальным чынам, не правакуючы канфлікт".

Апроч экспертаў НАТА ў Беларусь, як чакаецца, прыбудуць некалькі дзясяткаў назіральнікаў ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі. Плюс рэкордная колькасць прадстаўнікоў замежных медыя. На дадзены момант беларускі МЗС апрацоўвае каля 270 зваротаў ад замежных СМІ.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Беларускі бок, як ніхто іншы, зацікаўлены ва ўмацаванні бяспекі і ваенна-палітычнай стабільнасці ў рэгіёне. Беларусь строга, да літары, выконвае свае міжнародна-прававыя абавязацельствы і дзейнічае ў духу венскага дакумента нават там і тады, калі ў нас няма фармальных абавязацельстваў перад суседзямі і партнёрамі".

Эксперты адзначаюць, што такі ўзровень празрыстасці - лепшы спосаб паказаць суседзям шчырасць сваіх намераў. Вучэнне "Захад 2017" прадоўжыцца да 20 верасня. На працягу дзесяці дзён пасля заканчэння манеўраў беларускія і расійскія воінскія падраздзяленні вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі.