У Беларусі стартавала рэгістрацыя на ЦТ

2 мая 2017

У Беларусі пачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Сёлета ёсць змены - па сутнасці, бонусы для абітурыентаў. Сёння далі афіцыйны старт уступнай кампаніі: роўна ў 9 раніцы па ўсёй краіне адкрыліся пункты рэгістрацыі. У адным з іх працуе наша здымачная група.

І на сувязь са студыяй выходзіць карэспандэнт Таццяна Кароль (прамое ўключэнне).

Добры дзень! Тут, у пункце рэгістрацыі ў Белдзяржуніверсітэце, мы правялі ўжо некалькі гадзін. Магу сказаць, абітурыентаў для першага дня досыць многа, чэргаў, вядома, няма, але ў паветры ўсё роўна лунае ледзь прыкметнае хваляванне. Яно і зразумела, сёння ўжо можна сказаць: уступная кампанія афіцыйна пачалася.

Рэгістрацыя на ЦТ падоўжыцца да 1 чэрвеня, гэта значыць, у будучых студэнтаў ёсць месяц на тое, каб вырашыць, якія прадметы яны будуць здаваць: нагадаем, сёлета ўпершыню можна прайсці чатыры тэсты.

Усяго па краіне будзе працаваць 41 пункт у будныя дні з 9 раніцы да 7 вечара. У выхадныя зарэгістравацца на ЦТ нельга, за выключэннем двух дзён - 13 і 27 мая. Будучыя студэнты павінны асабіста прыйсці ў пункт рэгістрацыі і абавязкова ўзяць з сабою дакумент, які сведчыць асобу. Дарэчы, аформіць заяву дапамагаюць у пункце рэгістрацыі. Так што памылак быць не можа.

Традыцыйна абітурыентаў хвалююць адразу некалькі пытанняў: конкурс, прахадныя балы і самыя папулярныя спецыяльнасці гэтага года. Пра гэта спытаем у адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслава Малафеева.

А я нагадаю, што ў гэтай уступнай кампаніі ёсць яшчэ некалькі бонусаў: рэзервовых дзён будзе тры замест аднаго, а тэрмін дзеяння сертыфікатаў падоўжаны на два гады.

А гэта значыць, што шанцаў стаць студэнтамі ў пакуль яшчэ школьнікаў стала больш. І нават калі сёлета не атрымаецца паступіць на спецыяльнасць мары, можна зрабіць гэта праз год, не пераздаючы тэсты.

Самая хвалюючая частка гэтай уступнай кампаніі - залічэнне - пачнецца 12 ліпеня. І да 6 жніўня абітурыенты дакладна будуць ведаць, ці атрымаюць яны свой студэнцкі білет. Усяго ў ВНУ плануецца прыняць на бюджэт і платнае аддзяленне 58 000 студэнтаў.