Рэтрамадэлі спартыўных, легкавых і грузавых машын у міні-аўтапарку сталічнага мадэліста

5 августа 2020
У мілі- і нават нанаметрах. Сталічны мадэліст з ювелірнай дакладнасцю стварае паменшаныя ў некалькі соцень разоў копіі аўтамабіляў. З майстрамі, якія робяць такія экзэмпляры, а таксама калекцыяніруюць мадэлі, сустрэлася Ларыса Гулякевіч.

Гэта рэтрамадэлі спартыўных, легкавых і грузавых машын. У міні-аўтапарку - таксама героі савецкіх кінафільмаў: аўтобус Ikarus з надпісам "Беларусь" з фільма "Вадзіцель аўтобуса" і грузавік МАЗ з кінастужкі "Цудоўны хлопец".

Вадзім Пакроўскі больш за 30 гадоў захапляецца гэтым рамяством. Дзякуючы такім аўтамадэлям, калекцыянеры папаўняюць свае міні-гаражы. Мадэлі - копіі ў 43 маштабе. Галоўная задача - візуальнае падабенства з арыгіналам. 

Скульптар, ювелір і аўтаслесар. Майстар-мадэліст павінен валодаць пэўнымі якасцямі: уседлівасць, цярпенне, веданне канструкцый аўтамабіляў розных часоў. З аднаго боку мастак, з іншага - інжынер, апантаны сваёй справай. Вячаслаў Швец амаль увесь свой час прысвячае машынам - рамантуе вялікія аўто і калекцыяніруе маленькія. У яго міні-парку - больш за паўтысячы мадэляў.

А ў калекцыі Сяргея Мухлаева - мадэлі, якія ён набываў у розных краінах свету. Маштаб - 1 да 18. Падобныя калекцыі быццам пераносяць у мінулае на машыне часу. Кінафільмы, любімыя героі, чэмпіёны аўтаспорту.

Дзіцячае захапленне і гульня ў машынкі часам становіцца першым крокам да адмысловага хобі і нават прафесіі - ствараць новыя аўто ці збіраць калекцыю.