Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод вальшчыкаў лесу праходзяць на Палессі

11 сентября 2015

Гэта падрыхтоўчы этап для ўдзелу нашай зборнай у сусветным чэмпіянаце, які адбудзецца ў наступным годзе ў Польшчы. Што трэба ўлічваць, каб вялікае дрэва звалілася дакладна ў цэль? Вікторыя Патоня даведалася прыёмы.

Добрая піла, завостраная сякера і майстэрства… "Лесаруб- 2015" сабраў больш за сорак лепшых вальшчыкаў лесу краіны. Прыехала і каманда з украінскага Запарожжа. Сямейны падрад Дамашкіных у сябе на радзіме - тытулаваныя вальшчыкі.

На чэмпіянаце, як і павінна, майстэрства лесарубаў ацэньвае журы. Чым раўнейшы спіл, тым больш балаў. У праграме спаборніцтваў - 6 конкурсаў. Валка лесу - ключавое практыкаванне. Галоўная ўмова тут - спілаваць дрэва за тры хвіліны, прычым так, каб звалілася яно дакладна ў цэль на загадзя ўсталяваныя калкі.

Не першы год віртуознае валоданне бензапілой дэманструе Сяргей Целеш з Бабруйска. Патомны вальшчык гаворыць: куды падаць дрэву, падкажа вецер і нахіл кроны. А з дапамогай металічнага адвеса вызначаецца дакладны кірунак. Відовішчны чэмпіянат - яшчэ і магчымасць больш даведацца аб прафесіі вальшчыка. А для саміх удзельнікаў спаборніцтва гэта неацэнны вопыт.

Мікалай Патоцкі, галоўны суддзя Рэспубліканскага чэмпіянату "Лесаруб-2015": "Дрэвы розныя тут, і жэрабя для прафесіянала вялікай ролі не іграе. Вальшчыкі працуюць у лесе ў любое надвор'е пры любых умовах, працуюць на бураломах. І калі чалавек сваю справу ведае, у яго ўсё атрымаецца".

Сёння лесарубы пакажуць майстар-клас па эстафеце, абразанні сукоў, распілоўках, замене ланцуга ў бензапілы. Па выніках першынства будзе створаная нацыянальная зборная, якая прадставіць Беларусь на чэмпіянаце свету ў 2016 годзе ў Польшчы.