Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі другі дзясятак гадоў жыве ў стане рамонту

10 марта 2019

"Вялікая размова" закранула не толькі глабальныя палітычныя тэмы, але і многія цікавыя прыватныя пытанні. Напрыклад, звязаныя з лёсам нашай культуры і мастацтва. Гэта і ўзвядзенне "Музейнага квартала" ў Мінску, і работа кінастудыі "Беларусьфільм", і развіццё папулярных сучасных жанраў.

Асобна падчас размовы спыніліся на шматгадовай праблеме адной з вядучых навучальных устаноў краіны - Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Альма-матар музычнай эліты краіны, гістарычны будынак у цэнтры Мінска другі дзясятак гадоў жыве ў стане рамонту. Набалелая тэма для адміністрацыі, педагагічнага калектыву, навучэнцаў каледжа даўно перастала быць асабістай.

Даручэнне Кіраўніка дзяржавы вырашыць пытанне ў самім каледжы ўспрымаюць з натхненнем. Больш за тое, пра гэта гаворыць увесь культурны свет, бо многія з выпускнікоў каледжа - дыпламаты ад музыкі, якія працуюць у самых розных пунктах планеты.

Наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская адправілася ў "маленькую кансерваторыю". Мы ў цэнтры сталіцы. Плошча Свабоды - самае музычнае месца Мінска. Вось кансерваторыя, Беларуская акадэмія музыкі, побач Верхні горад з канцэртнай залай і адкрытай фестывальнай пляцоўкай. Ратуша, з якой гучыць мелодыя Лучанка. Вунь там, дзе зараз гасцініца, калісьці было музычнае вучылішча, на месцы рэстарана - калісьці самы буйны ў Беларусі нотны магазін і Саюз кампазітараў. Нарэшце, два кафедральныя саборы - каталіцкі і праваслаўны - з пералівамі сваіх званоў і святочных спеваў. Такая канцэнтрацыя менавіта тут невыпадковая. Музычнай традыцыі ў цэнтры сталіцы больш за 300 гадоў.

Напрыканцы XVII стагоддзя вось на гэтай лінейцы вырас цэлы квартал. Сабор, калегіум Ордэна езуітаў і школа. Вось ён, адукацыйны пачатак у горадзе, які толькі праз стагоддзе пачне планамерна забудоўвацца. У школу езуітаў прымалі дзяцей з сем'яў багатых і бедных, католікаў, іудзеяў, праваслаўных. Дзеці авалодвалі рознымі дысцыплінамі: ад моў да філасофіі, ад матэматыкі да музыкі.

Пры Расійскай імперыі пляцоўку заняў Дом губернатара, у Першую сусветную - лазарэт для параненых. У 1918-м - Дом урада БССР. Але вось кола гісторыі - ці то намоленая музыкай энергетыка месца, ці то рашэнне маладой Савецкай улады стварыць свой фонд талентаў. У 1935-м Саўнаркам БССР пастанавіў: будынак на гістарычным месцы аддаць пад музычную школу. За больш чым 80 гадоў тут змяняліся шыльдачкі: школа - ліцэй - гімназія - каледж. Але не мянялася адно: не заўсёды напрамую гаварылі, але ведалі, што будучы шлях гэтых дзяцей праз дарогу, у кансерваторыю.

Музычная школа-адзінаццацігодка зараз каледж музыкі. З першага дня і па сённяшні з прыстаўкай "пры кансерваторыі" тады, зараз "пры Акадэміі музыкі". Менавіта гэтая дэталь заўсёды падкрэслівала нейкую элітарнасць навучальнай установы. І выключнасць тут зусім не ў недаступнасці або прывілеяванасці. У музычным каледжы вучацца дзеці з усёй краіны: са сталіцы і глыбінкі. Важна адно - усе яны безумоўныя таленты.

За каледжам - пачатковая падрыхтоўка, за акадэміяй - агранка. Таленты шліфуюць вось у гэтых класах. Амаль аднагодка каледжа кансерваторыя - і ў методыках выхавання, і ў сваіх інтэр'ерах прынцыпова злучае сучаснасць і даўніну. Люстры з венецыянскага шкла, бронзавыя кандэлябры, мармуровыя калоны не мяняюць ва ўгоду хай-тэк. Бо мудры быў той чалавек, які калісьці думаў - прыгажосць заразлівая. Разумець і ствараць яе ў музыцы можна толькі ў эстэтычным асяроддзі. З дзяцінства.

Сённяшні рэктар з акна бачыць сваю ж школу, дзе вучылася, і ведае ўсе яе праблемы.

Народную Ядвігу Паплаўскую - адну з соцень выпускнікоў музычнага каледжа - хвалюе знешні выгляд альма-матар. Першы рамонт у 1968 годзе ўжо тады пазбавіў будынак аўтэнтычнасці: знік першапачатковы фасад, над двума гістарычнымі паверхамі вырасла надбудова. Яна і ратуе, калі гістарычнае на замку.

Малады дырэктар, навуковец, тэарэтык, харавік сёння сам займаецца гаспадарчай дзейнасцю. Другі капітальны рамонт у гісторыі каледжа пачаўся 10 гадоў таму, і гэта не проста касметычныя праблемы.

Найбольш хваравітая праблема каледжа вось тут. Актавая зала - адна з самых запатрабаваных канцэртных пляцовак не столькі сталіцы, а ўсёй краіны! Тут выступалі зоркі, ігралі навучэнцы. Зараз зала пустуе. Наконт канцэртаў гімназісты зараз дамаўляюцца з калегамі. Кансерваторыя, філармонія дапамагаюць са сцэнамі. На іх калісьці творча загартоўваўся і Уладзімір Громаў. Саліст нашай оперы і бацька юнага навучэнца гімназіі-каледжа. Пытанне, якое хвалявала пакаленні музыкантаў, прагучала лаканічна. Рашэнне - імгненна.

Людзі творчыя, звычайна далёкія ад будаўнічых нормаў і тэхналогій, не проста радаваліся, зразумелі, што махавік пачаў працаваць з віртуознай хуткасцю смычка. Што да тэхналогій - ужо ёсць адказ: у маі Мінскпраект канчаткова здасць праектную дакументацыю, якая павінна прайсці зацвярджэнне. У ліпені ля будынка стане будаўнічы кран і пачнуцца работы.

Цагляны будынак, адтынкаваны ў светла-шэры са стылізаванымі пад даўніну дзвярамі, вокнамі, балконам. Такім са знешняга боку паўстане каледж. На частцы ўнутраных вокнаў плануюць вітражы. І яшчэ. Даследчыкі апорных канструкцый ускрылі падмурак будынка - той самы, старажытны, часоў езуітаў. Намоленыя музыкай векавыя глыбіні плануюць ператварыць у дадатковыя, патрэбныя каледжу тэрыторыі.