Рэспубліканская акцыя "Кветкі Вялікай Перамогі" аб'яднала вялікія і маленькія населеныя пункты Беларусі

3 мая 2021

Літаральна некалькі дзён аддзяляюць нас ад галоўнага вясновага свята, якое па-ранейшаму для многіх са слязамі на вачах. Дзень Перамогі паклаў пачатак новаму светламу і мірнаму жыццю і стаў самым доўгачаканым для тых, хто прайшоў дарогамі вайны. У гэтыя дні па ўсёй краіне праходзіць нямала мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай асаблівай даце. Асаблівай таму, што нават праз гады яе напаўняюць жывыя гісторыі пра лёсы герояў. Сёння аднаго з іх ушаноўвалі ў Віцебску. Пад вокнамі ветэрана ў яго гонар адбыўся парад. Для абаронцы Радзімы выканалі песні ваенных гадоў. Акцыя "Кветкі Вялікай Перамогі" аб'яднала ўсю краіну, да мясцін памяці нясуць кветкі, словы падзякі гучаць у адрас ветэранаў, чые ўспаміны з кожным годам становяцца ўсё больш каштоўнымі. Пра народную памяць, якая жыве, - Марыя Тройніч.

Урачысты марш для аднаго салдата Вялікай Айчыннай. Пад вокнамі ветэрана Фёдара Лісоўскага выстраіўся парад у гонар абаронцы Радзімы. Гучаць вядомыя ваенныя маршы і, безумоўна, песня "Дзень Перамогі", якая да слёз расчуліла і ветэрана, і суседзяў.

Сёлета ветэрану Фёдару Лісоўскаму споўніўся 101 год. Выпускнік мінамётна-артылерыйскага вучылішча ваяваў на 4-м Украінскім фронце, 2-м Беларускім, вызваляў Польшчу, браў Кёнігсберг і, нарэшце, Берлін. Быў двойчы паранены. Гаворыць, што 9 Мая 1945 года дагэтуль памятае ў дэталях. І нягледзячы на салідны ўзрост, часта сустракаецца са школьнікамі, бо яны спадчыннікі Перамогі.

Свае ўспаміны аб вайне сучаснаму пакаленню перадае і Давыд Білінкіс, удзельнік Вялікай Айчыннай. Калі пачалася вайна, яму было 13 гадоў.

Сёння Давыд Білінкіс стаў адным з першых наведвальнікаў абноўленага музея баявой славы ў сярэдняй школе пасёлка Мачулішчы. Музей адрэстаўравалі да дня Вялікай Перамогі. У экспазіцыі каскі, біклажкі, часткі снарадаў, а таксама старонкі з газет часоў Другой сусветнай. Усё гэта сабралі жыхары Мінскага раёна. Экскурсіі па абноўленым музеі будуць праводзіць дзеці.

Да абласной патрыятычнай акцыі "Быць годнымі Перамогі!" далучацца ўсе школы, гімназіі і каледжы Мінскай вобласці. Пройдуць тэматычныя літаратурныя гасцёўні, урокі памяці і гульні-квесты на веданне памятных дат ваеннага часу.

Пра вялікі подзвіг памятаюць ва ўсіх кутках краіны. У Брэсцкім раёне школьнікі сёння прыйшлі на месца страшных падзей. Менавіта па гэтай сцежцы ў жніўні 1942 года нямецкія акупанты правялі 763 чалавекі. Усіх расстралялі. Сярод забітых палонныя чырвонаармейцы, мірныя жыхары і 400 дзяцей, якія былі вязнямі гета.

Брацкая магіла знаходзіцца ў лесе за некалькі кіламетраў ад вёскі Лышчыцы. Для мясцовых жыхароў гэта месца памяці і пакланення перад вялікім подзвігам. Бо менавіта тут чырвонаармейцы аддавалі свае жыцці дзеля мірнага неба.

79 гадоў таму гэту цішыню разрэзалі выстралы. А сёння ў гонар герояў гучыць песня Перамогі.

Пра трагічную падзею распавядаюць на занятках у мясцовай школе. Таму чорныя старонкі ў гісторыі малой радзімы ведае кожны вучань.

Памятныя мерапрыемствы правядуць і ў іншых населеных пунктах краіны. Рэспубліканская патрыятычная акцыя "Кветкі Вялікай Перамогі" традыцыйна праходзіць напярэдадні вялікага свята. Калі ў краіне расцвітаюць сады, для многіх пакаленняў яны сталі сімвалам новых мірных перамог суверэннай Беларусі.