Развіццё чарнобыльскіх зямель - тэма чарговага выпуску ток-шоу "Зразумелая палітыка. Плюс"

28 апреля 2021

Новая глабальная праграма развіцця зямель, пацярпелых ад наступстваў чарнобыльскай аварыі,  -  праект сапраўды стратэгічны. Гэта ўклад цяперашніх пакаленняў у адзіную Беларусь для нашых нашчадкаў. Развіццё закране ўсе сферы жыцця чарнобыльскіх раёнаў - ад найноўшых вытворчасцяў і электрыфікацыі да добраўпарадкавання і развіцця сацыяльнай сферы. Сёння гэтыя аспекты дэталёва разбяруць эксперты праграмы "Зразумелая палітыка. Плюс". Неабходна надаць новы магутны імпульс гэтым землям, напоўніць іх вялікім эканамічным і сацыяльным сэнсам і падцягнуць да ўзроўню лепшых раёнаў Беларусі. 

Здавалася б, страшная трагедыя, але нават тут нашы беларускія навуковыя веды і нацыянальны характар паказалі сябе. Айчынная навука і сёння дзеліцца вопытам з калегамі з усяго свету - ад ЗША да Японіі. Дзякуючы ёй мы ратуем людзей, вырабляем новыя лекі, дапамагаем пацярпелым з розных канцоў планеты і атрымліваем чыстыя прадукты. І сапраўды чыстыя, бо крытэрыі бяспекі айчыннай прадукцыі па асобных паказчыках значна больш строгія, чым у іншых краінах. 

Як атрымалася амаль у адзіночку  навучыцца бяспечна жыць і адраджаць цяжкія землі? Што беларусам удалося зрабіць першымі на планеце? Якія актуальныя распрацоўкі навука прапануе сёння для будучых пакаленняў? І галоўнае - што далей? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў ток-шоу "Зразумелая палітыка. Плюс" сёння адразу пасля "Панарамы".