Развіццё аграпрамысловага комплексу Беларусі - цэнтральная тэма прэс-тура расійскіх СМІ

6 октября 2016

Развіццё аграпрамысловага комплексу Беларусі стала цэнтральнай тэмай восеньскага прэс-тура расійскіх СМІ. Каля 30 журналістаў - прадстаўнікоў федэральных СМІ, Саюзнай дзяржавы і рэгіёнаў Расіі - пабывалі ў прэс-туры па Беларусі. Агульны тыраж толькі друкаваных выданняў, прадстаўленых у прэс-туры, амаль мільён экзэмпляраў. А патэнцыяльная радыёаўдыторыя - звыш 130 мільёнаў чалавек.

Гэтым разам расійскія СМІ пазнаёміліся з развіццём аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці. Асабліва журналісты цікавіліся вытворчасцю мяса-малочнай прадукцыі. Не засталася без увагі і турыстычная галіна нашай краіны. Якія матэрыялы аб Беларусі ўжо чытаюць падпісчыкі расійскіх выданняў - ведае Аляксандр Харавец.

Большасць гэтых расійскіх журналістаў далёка не першы раз прыязджае ў Беларусь. Для Юрыя Красавіна гэта другі ваяж. Паводле слоў спецыяльнага карэспандэнта "Новой новгородской газеты", асаблівую ўвагу ў сваіх артыкулах ён надасць мадэрнізацыі малочна-таварных комплексаў і якасці малака.

Усяго ж у прэс-туры па Мінскай вобласці ўдзельнічаюць каля 30 прадстаўнікоў расійскіх мас-медыя. Асноўная тэма - развіццё аграпрамысловага комплексу Беларусі. Вось і ў агракамбінаце "Сноў" журналістам не толькі распавядаюць аб вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, але і прапануюць самім ацаніць якасць прадуктаў.

Штодня агракамбінат вырабляе амаль 40 тон мясной прадукцыі. Траціну экспартуюць у Расію. І як прызналіся нам расійскія журналісты, беларускія прадукты харчавання на прылаўках іх магазінаў надоўга не затрымліваюцца. Таму сёння кожны журналіст купіў як мінімум па пяць відаў мясных і каўбасных вырабаў.

Эла Таранава не ўтойвае, у Маскве не лянуецца пастаяць у чэргах за беларускімі прадуктамі. Таму сёння шэф-прадзюсар міжнароднага інфармацыйнага агенцтва "Россия сегодня", не змагла ўтрымацца зноў.

Сёння расіяне не ўтойваюць, што беларускі вопыт дапамагае развіваць ім свой аграпрамысловы комплекс. Па прыкладзе нашай краіны ў гэтым рэгіёне Расіі перавялі землі ў дзяржуласнасць. Паводле слоў спецыялістаў, такім чынам тысячы гектараў ураджайных зямель не сталі прадметам спекуляцый, а сталі пляцоўкай для прыцягнення інвестара.

У раслінаводстве поспех прыйшоў дзякуючы тэхнічнаму пераабсталяванню. У апошнія гады тут збіраюць рэкордныя ўраджаі збожжавых - больш за 3 мільёны тон. Аграрыі прызнаюцца - выніку дасягнулі дзякуючы, у тым ліку, беларускай тэхніцы.

Апроч аграпрамысловага сектара, расійскіх журналістаў цікавіць і турыстычны кірунак. Тым больш што наша краіна ўваходзіць у топ-3 самых папулярных для расіян кірункаў.