Распрацоўка і рэалізацыя стратэгіі "Моцныя рэгіёны" ў Лідзе

24 февраля 2021
Экспертная супольнасць і грамадскасць працягваюць актыўна абмяркоўваць тэматыку дыялогавай пляцоўкі VI Усебеларускага народнага сходу і Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшыя 5 гадоў. Для забеспячэння сацыяльнай стабільнасці і дабрабыту грамадзян у маючай адбыцца пяцігодцы акцэнт будзе зроблены на павышэнне якасці жыцця людзей і паляпшэнне сацыяльнага асяроддзя.

Для гэтага плануецца стварыць 12 міжрэгіянальных медцэнтраў і адкрыць 11 абласных клінічных бальніц. Будзе пабудавана каля 90 дашкольных устаноў. А таксама 50 новых фізкультурна-аздараўленчых комплексаў.

Акрамя будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнага прызначэння, працягнецца ў краіне і ўзвядзенне жылля. Задача - забяспечыць не меней за 28,5 квадратных метраў на чалавека ў 2025 годзе.

Мяркуецца, што новае жыллё будзе энергаэфектыўным. Не меней  чым 30 % ад агульнага аб'ёму ўведзенага ў эксплуатацыю жылля ў 2025 годзе - гэта так званыя электрадамы, дзе для вода- і цеплазабеспячэння, гатавання ежы выкарыстоўваецца электраэнергія.

Павышэнню даступнасці будзе спрыяць і развіццё рынку арэнднага жылля. За 5 гадоў у краіне плануецца ўвесці ў эксплуатацыю каля 725 тыс. арэндных кв.м.

Высокатэхналагічная медыцына, інавацыйная адукацыя, развітая прамысловасць і сацыяльная падтрымка. Найважнейшыя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, агучаныя на Усебеларускім народным сходзе, ужо ўвасабляюць у жыццё. Так,  напрыклад, у Лідзе распрацавалі і ўжо рэалізуюць стратэгію "Моцныя рэгіёны". 

Даступнае жыллё, прафарыентацыя моладзі, сучасны медыцынскі цэнтр - усё гэта стратэгічныя кірункі працы. Тэму працягне Юрый Карняловіч.

Муж і жонка Вадзім і Іна Міхалевічы з нецярпеннем чакаюць заканчэння будаўніцтва новага мікрараёна.  У адным з дамоў ужо сёлета яны атрымаюць кватэру. Падзея для сям'і доўгачаканая - на працягу некалькіх гадоў прыходзілася наймаць жыллё. Сваё жыллёвае пытанне вырашылі дзякуючы падтрымцы дзяржавы.

Будаўніцтва жылля  - сацыяльнага і арэнднага  - для Ліды пытанне нумар адзін на найбліжэйшыя 5 гадоў. Тут плануюць узвесці рэкордную для горада колькасць квадратных метраў.  Ужо заклалі новы мікрараён "Поўнач". 

Пытанню будаўніцтва жылля і паляпшэння сацыяльнай інфраструктуры была нададзена ўвага на форуме ў Мінску. Асноўныя палажэнні прапісаны і ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Узвядзенне жылля будзе грунтавацца на спалучэнні шматпавярховага і індывідуальнага малапавярховага будаўніцтва. Акцэнт - на падтрымку індывідуальнага жылля сядзібнага тыпу з аб'ектамі інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры.

Пастроіў сваю працу ў гэтым кірунку і старшыня Лідскага райвыканкама. Сяргей Ложэчнік - дэлегат Усебеларускага народнага сходу. Асабіста выступіў са сваімі ініцыятывамі на форуме. Гаворыць,  моцныя рэгіёны - гэта моцная эканоміка, дзе патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты. Таму ў раёне  распрацавалі праект прафарыентацыі школьнікаў. На ключавых прадпрыемствах арганізуюць азнаямленчыя экскурсіі для  педагогаў і старшакласнікаў.

Ліда стане цэнтрам рэалізацыі яшчэ аднаго маштабнага праекта, агучанага на народным форуме - тут пабудуюць міжрэгіянальны медыцынскі цэнтр. 

Галоўны ўрач раённай бальніцы Вадзім Трубчык дасканала ўнікае ва ўсе дэталі будучай будоўлі. Для рэалізацыі праекта ў клініцы ёсць высакакласныя спецыялісты, але не хапае памяшканняў. Пытанне вырашыцца з узвядзеннем сучаснага васьміпавярховага корпуса. 

Абсталяванне медыцынскага цэнтра плануецца на ўзроўні абласных клінік. Ужо закуплены сучасны камп'ютарны тамограф.

Тэрмін рэалізацыі найважнейшых праектаў - найбліжэйшыя 5 гадоў.  За гэты час Ліда стане райцэнтрам, дзе ўмовы жыцця будуць не горшыя, чым у абласных цэнтрах і буйных гарадах краіны.