Стваловыя клеткі на дапамогу ў барацьбе з хваробай вачэй. Унікальную тэхналогію распрацавалі ў Беларусі

31 мая 2019
Дзякуючы ёй  ужо 16 чалавек змаглі ўбачыць свет у яркіх фарбах. Пра медыцынскія інавацыі Юлія Грызунт. 

Вецер у валасах і роў матора. З-за хваробы вачэй Вадзім Валодзін мог пазбавіцца не толькі яркіх летніх фарбаў або залатой восені, але і свайго галоўнага хобі - матацыкла. Байкер са стажам змагаецца з  хваробай вачэй з 2007 года. 

 Напярэдадні мужчыне зрабілі ўжо другую працэдуру. Здавалася б, найскладанейшае біялагічнае ўмяшанне. Аднак выглядае гэта як просты ўкол. Матэрыял  не донарскі - у рагавіцу падсаджваюць свае ўласныя здаровыя клеткі.

У гэтых кантэйнерах 1 кубічны сантыметр тлушчавай тканкі адпраўляюць у Акадэмію навук для вырошчвання карысных клетак. Вяртаецца адтуль  вось такая капсула. У ёй змяшчаецца 500.000 стваловых клетак. На транспарціроўку да 3 гадзін. Менавіта столькі матэрыял можа знаходзіцца пры пакаёвай тэмпературы.

Часам хворы орган можна вылечыць проста з дапамогай ін'екцый,  а калі без аперацыі не абысціся, стваловыя клеткі дапамагаюць прыжыцца донарскаму органу. Гэта робіць аперацыю ў некалькі разоў больш эфектыўнай. 

У арганізме стваловыя клеткі адказваюць за загойванне ран. З узростам у людзей іх становіцца менш. Ідэя культываваць карысны матэрыял з'явілася ў беларускіх навукоўцаў яшчэ ў 2005 годзе. 

Зараз у планах, мабыць, самы амбіцыйны праект. Навукоўцы ўпэўненыя, што зусім хутка з дапамогай стваловых клетак змогуць лячыць бясплоднасць. Гэтая праграма ў нашай краіне ўжо прайшла дзяржэкспертызу і нядаўна яе зацвердзілі. У найбліжэйшай будучыні навукоўцы плануюць перамагчы і гэту хваробу.