Радыё "Сталіца" адзначыла сямнаццаты дзень нараджэння

20 сентября 2015

"Ведай нашых" - менавіта пад такім дэвізам радыё "Сталіца" адзначыла сямнаццаты дзень нараджэння. Першая беларуская рок-станцыя вяшчае на стыку фарматаў альбомнаарыентаванага рока і сучаснай музыкі. Пра тое, як пасля тэхнічнай мадэрнізацыі падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі ператварылася ў сучасную радыёстанцыю, раскажа Дар'я Тарасава.

Асаблівае месца ў жыцці радыёстанцыі займаюць праграмы, прысвечаныя гісторыі культуры Беларусі. "Землякі", "Беларускі арнамент", "Культурная сфера" і "Тур па Беларусі" - перадачы, пры дапамозе якіх можна віртуальна падарожнічаць па цікавых мясцінах нашай краіны і нават зрабіць своеасаблівы экскурс у гісторыю і дакрануцца да багатай культурнай спадчыны.

За сямнаццаць гадоў існавання (а гэта 6 тысяч дзён вяшчання, 26 аўтарскіх праграм і 21 рубрыка) адзіная ў краіне поўнасцю беларускамоўная радыёстанцыя FM-фармату выпусціла ў эфір вялікую колькасць папулярных шоу - "Сталічны навігатар", "Трое з настроем " і "Вельмі добры дзень". Асноўны фармат праграм - прамое ўключэнне. А дзякуючы жывым канцэртам у студыі Дома радыё ўжо ў новым сезоне ў слухачоў з'явіцца магчымасць самастойна зрабіць "Крок да рока".

Са святам любімае радыё павіншавалі не толькі шматлікія слухачы, але і маладыя беларускія групы, якія працуюць у рок-стылі: Nevrida, Unia, "Нагуаль" і "Бульвар", якім менавіта "Сталіца" дала своеасаблівы старт. Адзін з праектаў радыёстанцыі - "Ведай нашых" - прысвечаны маладым і малавядомым выканаўцам рока. Дзякуючы яму адкрываюцца новыя імёны на айчыннай сцэне. Толькі на радыё "Сталіца" можна пачуць самыя цяжкія музычныя стылі, напрыклад, трэш-метал.

Сёння "Сталіца" вяшчае 24 гадзіны за суткі на ультракароткіх радыёхвалях па ўсёй рэспубліцы і на частаце 105,1 FM у Мінску. А таксама па ўсім свеце ў рэжыме рэальнага часу ў сетцы Інтэрнэт.