Пяць работнікаў мясакансервавага камбіната ў Оршы атрымалі траўмы з-за зрыву вечка аўтаклава - у Міністэрстве аховы здароўя расказалі пра стан пацярпелых

1 ноября 2023
У Оршы пяць работнікаў мясакансервавага камбіната атрымалі траўмы з-за зрыву вечка аўтаклава. Гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на МНС Беларусі.

З-за зрыву вечка вертыкальнага аўтаклава, прызначанага для стэрылізацыі прадукцыі, у кансервавым цэху на тэрыторыі Аршанскага мясакансервавага камбіната траўмы атрымалі 5 работнікаў. Пацярпелыя шпіталізаваныя ў гарадскую бальніцу № 1 імя Сямашкі.

Высвятляюцца прычыны здарэння. Падраздзяленні МНС задзейнічаны не былі.

У Міністэрстве аховы здароўя расказалі пра стан пацярпелых у выніку  надзвычайнага здарэння на Аршанскім мясакансервавым камбінаце

Двух пацярпелых даставяць у Мінск для далейшага лячэння, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Паводле інфармацыі Цэнтра медыцынскага рэагавання Мінаховы здароўя, медыцынскія работнікі аршанскай гарадской бальніцы № 1 імя Сямашкі аказваюць усю неабходную дапамогу пяці пацярпелым.

Ва ўсіх пацыентаў дыягнаставаныя чэрапна-мазгавыя траўмы, тэрмічныя апёкі твару, цела, верхніх і ніжніх канечнасцяў. Двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане - у іх дыягнаставаныя апёкі 40-60 % цела. У траіх - апёкі меншай ступені, яны знаходзяцца ў здавальняючым стане.

На месцы здарэння першую меддапамогу аказвалі чатыры брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, пасля гэтага пацярпелых шпіталізавалі.
Па выніку праведзеных кансіліумаў дваіх пацыентаў з цяжкімі траўмамі спецыялісты рыхтуюць для транспарціроўкі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр пры БСМП у Мінску.