Прамысловы турызм з інтэрактывам

7 июля 2017

Мінскі трактарны завод упершыню прапануе не проста паглядзець, як збіраецца вядомы на увесь свет трактар "Беларус", але і сваімі рукамі сабраць некалькі машынных вузлоў. Групы фарміруюцца па пяць чалавек – каб выканаць патрабаванні бяспекі і не спыніць вытворчы працэс.

Зрабіць трактар сваімі рукамі паспрабавала Антаніна Станкевіч. Для таго каб трапіць на тэрыторыю завода, нават журналістам даводзіцца патраціць пэўную колькасць часу на дамовы і дазваленні – усе ж такі прадпрыемства сур'ёзнае. А вось у якасці турыста – наадварот. Экскурсійныя групы на МТЗ пачалі вадзіць яшчэ ў сакавіку, аднак сёння ўпершыню турыстам прапануюць сваімі рукамі сабраць некалькі машынных вузлоў.

Амерыканец, інтэрнацыянальная пара – беларуска і швейцарац, а таксама два мінчаніны – гэта першыя турысты, якім прапануюць поўны інтэрактыў. Групы спецыяльна фарміруюць маленькія – па-першае на заводзе сур'ёзныя патрабаванні да бяспекі, а па-другое – усё ж такі канвеер не павінен спыняцца ні на хвіліну.

Спачатку – аглядная экскурсія. Але адметнасць - візіт у зборачны цэх. Кожнаму наведвальніку прапануюць паўдзельнічаць у пяці аперацыях. На першым этапе фактычна трэба закруціць дзве гайкі, а вось на апошнім – прымацаваць руль.

Вытанчаная Наталля – мінчанка – ужо некалькі гадоў запар жыве на дзве краіны. Такіх жа экскурсій ні ў Швейцарыі, ні ў іншых краінах Еўропы не бачыла. Разам з мужам вырашылі наведаць менавіта трактарны завод – усё ж такі спецыфічная прадукцыя гіганта – сімвал яе радзімы.

За чатыры месяцы трактарны завод ужо наведалі амаль паўтары тысячы экскурсантаў з 23 краін свету. Прычым, самыя частыя госці, як ні дзіўна, з маленькай Эстоніі. А з сённяшняга дня ўводзіцца яшчэ адна новая паслуга: за асобную плату можна будзе зрабіць круг па тэрыторыі завода на адным з самых магутных трактароў. Працягласць маршруту – пяць кіламетраў.