Праект Галерэя стылю прапануе работы маладых дызайнераў з усёй краіны

21 сентября 2014

У мінскіх моднікаў у гэтыя выхадныя з'явілася магчымасць абнавіць гардэроб. Праўда, к сезону вясна-лета 2015. Праект Галерэя стылю зноў прапануе работы маладых дызайнераў з усёй краіны. Галоўнай пляцоўкай стаў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. А вось цырымонія адкрыцця прайшла ўчора ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.


Падрабязней - у рэпартажы Ніны Мажэйкі. Сёлета Галерэя стылю асвойвае новыя арт-лакацыі. Так, імправізаваны подыум зрабілі ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы. Матывацыя арганізатараў простая: у такіх культурных дэкарацыях можна ацаніць, наколькі жыццяздольная калекцыя.


Шоўк, бавоўна, воўна, віскоза і натуральная скура. Такую інфармацыю можна прачытаць на этыкетках гэтай моднай калекцыі. Свой дызайнерскі Маналог у дзень адкрыцця сезоннага праекта паказала Наташа Цуран. Усе вырабы ручной работы, тканіны беларускія. А ў якасці дадатковага антуражу - музейныя дэкарацыі. Подыум праходзіць проста ў цэнтры сталай экспазіцыі, у зале тэатральнай славы Купалы.


Асіметрычны крой, ахоўныя прынты, няяркія колеры і скрыжаваныя палосы натуральнай скуры. Калекцыя хоць і новая, але ўжо была засвечаная сафітамі. Ездзіла на Тыдзень моды ў Львоў.


У гэтым сезоне моднага праекта Галерэя стылю паўдзельнічалі 26 маладых дызайнераў. Заяўкі з усёй краіны разглядаліся на фатаграфіях. Галоўная перавага ў канкурсантаў - адсутнасць рамак. Ужо сёння другі конкурсны дзень праекта Галерэя стылю. Конкурсны блок адкрыюць паказы дзіцячых калекцый. А подыум усталююць у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.