Прэзентацыя альбома "Напалеон Орда" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

21 апреля 2021

Акцэнтаваць грамадскую свядомасць на каштоўнасцях нацыянальнай культурнай спадчыны і вярнуць у навуковы, мастацкі ўжытак імёны значных для Беларусі асоб - з такім пасылам адбылася прэзентацыя альбома "Напалеон Орда". Гэта выдавецкая навінка, якая ў студзені ўжо атрымала знак "Малы залаты фаліянт" на конкурсе "Мастацтва кнігі". Цяпер жа Нацыянальная бібліятэка пазнаёміла з аўтарамі - складальнікамі зборніка і ўдзельнікамі яго выдання. Наталля Бардзілоўская далучылася да імпрэзы.

Ён пісаў Беларусь XIX стагоддзя. Як выглядалі Свята-Духаў кафедральны сабор у Мінску, Мірскі і Нясвіжскі замкі і шмат іншых архітэктурных жамчужын, бачым яго вачамі праз сотні алоўкавых, а потым акварэльных малюнкаў. Культурная каштоўнасць спадчыны Напалеона Орды менавіта ў пейзажных адбітках той старадаўняй рэчаіснасці. А яго ўнікальнасць у тым, што ўсе гэтыя творы, якія сталі сусветна вядомымі, пісаў аматар: Орда не быў прафесіяналам і пачаў маляваць ва ўзросце за 60. Нягледзячы на адсутнасць спецыяльнай адукацыі, мастацтвазнаўцы адзначаюць пазнавальны почырк Орды: яго работы ў карычневым ці зеленаватым цёплым колеры. І яшчэ можна сказаць, што ў мастака быў суаўтар, бо малюнкі Орды ў літаграфіі ператвараў іншы чалавек.

Юлія Лісай, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: Алаіз Месеровіч - гравёр, які пераводзіць малюнкі Орды на літаграфскі камень. Яго справа - зрабіць з гэтых накідаў, малюнкаў Орды такія творы, якія можна было б разглядаць зблізу. Ён робіць дэталі. Дэталі - гэта і ёсць тое, што з'яўляецца дзякуючы Алаізу Месеровічу: гэта людзі, коні, карэты нейкія.
Напалеон Орда - музыкант. Арганізатары вечарыны ў Нацыянальнай бібліятэцы не абышлі гэты момант і падрыхтавалі для ўдзельнікаў імпрэзы не проста міні-канцэрт з твораў кампазітара, але і ўнікальны зборнік са сваіх фондаў.

Аляксандр Суша, намеснік гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: Сярод прыжыццёвых выданняў Напалеона Орды - "Граматыка музыкі". Знакаміты кампазітар і музыкант быў аўтарам кнігі, якая паўплывала на развіццё музычнай культуры.Алесь Суша, складальнік новавыдадзенага альбома, дэманструе яшчэ адзін рарытэт - том з арыгінальным подпісам карычневымі чарніламі, аўтографам Орды. Такіх кніг Нацыянальная бібліятэка Беларусі мае ажно чатыры - прыжыццёвыя, якія аўтар падпісаў сваёй рукой. На выставачных стэндах ёсць і іншыя калекцыйныя зборнікі асаблівай культурнай каштоўнасці.

Нацыянальная біблітэка Беларусі з'яўляецца захавальнікам найбольшай колькасці арыгінальных гравюр Напалеона Орды. У яе сховішчах за 300 адзінак, 190 з іх увайшлі ў новавыдадзены альбом. Гэта сумесная праца Нацыянальнай бібліятэкі і выдавецтва "Беларусь".

"Напалеон Орда" - юбілейны том, які выдавецтва прысвяціла ўласнаму стагоддзю. У 2022 годзе векавы юбілей з дня ўтварэння адзначыць самае вялікае кнігасховішча краіны. З гэтай нагоды запланавана шмат імпрэз і праектаў. Адзін з іх ужо здзейснены. Гэта "Напалеон Орда" - выданне, якое яшчэ да афіцыйнай прэзентацыі было адзначана "Малым залатым фаліянтам" - узнагародай нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі".