Паказы Галоўнай ёлкі Беларусі адменены 28 снежня ў 11:00 і 5 студзеня

26 декабря 2023

Больш як 80 тысяч білетаў прададзена на Галоўную ёлку краіны. Сёлета вялікая сцэна Палаца Рэспублікі запусціць "Машыну навагодняга часу" 36 разоў. Столькі паказаў дзіцячага мюзіклу ў афішы. Першыя - стартавалі ў каталіцкія выхадныя.

Сёння сотні артыстаў адпачываюць, каб ужо заўтра зноў ствараць казку. Арганізатары звяртаюць увагу: па тэхнічных нюансах скасавана некалькі сеансаў. Гэта паказ у 11 раніцы 28 снежня і ўсе паказы 5 студзеня. Ужо сёння наведвальнікі могуць абмяняць білеты на іншы зручны час у касах Палаца.

Менавіта ў Палацы Рэспублікі - склад навагодніх падарункаў галоўнага Дзеда Мароза краіны. Ці атрымаецца каварнаму Шнупсу спыніць дастаўку жаданых прэзентаў? Ці пераможа Дзед Мароз? Зыход гісторыі залежыць ад дапамогі амаль трохтысячнай залы. Казку ўжо насыцілі маштабнымі дэкарацыямі - у дапамогу 250 квадратных метраў святлодыёдных экранаў.