Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда на сваёй малой радзіме ўшанаваў памяць загінуўшых воінаў

6 мая 2020
Акцыя "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Сёння ў Дзятлаве  да  манумента Славы ў гарадскім парку кветкі ўсклаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Міхаіл Орда на сваёй малой радзіме разам з мясцовымі жыхарамі  хвілінай маўчання ўшанаваў памяць загінуўшых воінаў Чырвонай арміі. Гэта месца знакавае для райцэнтра. Тут знаходзіцца брацкая магіла 14 салдат, якія абаранялі горад  у першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны.

Міхаіл Орда, Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Нашы дзяды, нашы прадзеды адстойвалі і змагаліся за кожны кавалачак зямлі. І такія маленькія помнікі   як раз паказваюць і распавядаюць, што кожны раён і кожны куток нашай краіны зрабіў свой унёсак у Вялікую Перамогу".

Наталля Маліноўская, жыхарка г. Дзятлава: "Гэта вельмі выдатнае, светлае і добрае свята. Яно сапраўды светлае і са слязамі на вачах, як спяваецца ў нашых песнях. І парад у нашай краіне   традыцыйна як даніна памяці і павагі нашым ветэранам, нашым пераможцам".

Іван Кібень, жыхар г. Дзятлава: "Для мяне асабіста гэта таксама памяць пра майго дзеда, які 8 ліпеня быў спалены, а 9 вызвалілі Дзятлава. Гэты дзень памятны для ўсёй нашай сям'і і, вядома, для ўсіх дзятлаўчан. Таму мы тут сёння на ўскладанні".

  У гады Вялікай Айчыннай вайны Дзятлаўскі раён  лічыўся партызанскай тэрыторыяй. Тут змагаліся з ворагам і загінулі  тысячы мясцовых жыхароў.  Сёння ў памяць аб іх узведзена каля сотні мемарыялаў, памятных знакаў і абеліскаў.