Святочныя мерапрыемствы да Дня абаронцаў Айчыны праходзяць па ўсёй краіне

23 февраля 2019

Беларусь сёння адзначае Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл нашай краіны. У гонар гэтага свята ў цэнтры сталіцы адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да манумента на плошчы Перамогі. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі Міністэрства абароны на чале з міністрам Андрэем Раўковым.

Святочныя мерапрыемствы сёння праходзяць па ўсёй краіне. Галоўнае мужчынскае свята сустрэлі з размахам і ў Мар’інай Горцы. Вайскоўцы падрыхтавалі для гасцей цікавую праграму - рукапашны бой, элементы тактычнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, гледачы ўбачылі, як праходзяць аперацыі па вызваленні заложнікаў.

Яшчэ адна асаблівасць свята - поўны інтэрактыў. Госці змаглі агледзець ваенную тэхніку знутры. На выставе дэманстравалася стралковая зброя як часоў Вялікай Айчыннай вайны, так і сучасныя распрацоўкі. І, вядома, усе наведвальнікі мелі магчымасць прадэгуставаць сапраўдную салдацкую кашу.