Праваслаўны свет на пачатку лістапада адзначае свята ў гонар Казанскай іконы Божай Маці

10 ноября 2015

Але асабліва гэты абраз шануюць жыхары вёскі Тышковічы Іванаўскага раёна. Тут Багародзіцу лічаць заступніцай і ў яе гонар пабудаваны храм. Падрабязнасці ў Вікторыі Патоні.

Еўдакіі Новік было восем гадоў, калі фашысты вырашылі спаліць усю вёску. Тады паблізу Тышковічаў у багністых лясах былі партызаны. За гібель двух венгерскіх салдат і дапамогу сваім вяскоўцаў прыгаварылі да расстрэлу 4 лістапада 1943 года - як раз у дзень свята ў гонар Казанскай іконы Божай Маці. Расстрэльным месцам акупанты выбралі могілкі, куды сагналі каля сямісот чалавек, у тым ліку старых і дзяцей.

Хроніка ваенных падзей вёскі адлюстраваная ў спецыяльнай экспазіцыі. Стваральнік выставы Іна Данілевіч гаворыць: людзі выжылі дзякуючы заступніцтву Багародзіцы. У яе сям'і пра той страшны дзень шмат распавядалі бацька і маці. А сёння яна сама праводзіць экскурсіі, дзеліцца ўспамінамі старажылаў і ветэранаў.

Іна Данілевіч, загадчыца Тышковіцкай бібліятэкі: "Паставілі людзей на калені і на іх былі накіраваныя куляметы. Людзі плакалі, дзеці плакалі. А так гэты дзень быў святы - дзень шанавання іконы Казанскай Божай Маці. Людзі ішлі і бралі з сабой гэтую ікону. І там яны маліліся, вельмі прасілі Бога, каб ён уратаваў нашых жыхароў".

Расстрэл адмянілі. Была для гэтага яшчэ адна падстава. Падчас бою партызан і венгерскіх салдат аднаго з праціўнікаў са словамі "ён таксама чалавек" выратавала жыхарка вёскі. Калі той вярнуўся ў размяшчэнне часці жывым, нямецкае камандаванне жыхароў Тышковічаў памілавала. Але без ахвяр усё ж не абышлося. Некалькі чалавек узялі ў палон.

Пра месца гібелі дванаццаці чалавек, якія пацярпелі ад рук фашыстаў, дагэтуль нічога невядома. Але ў памяць аб іх аднавяскоўцы ўсталявалі мемарыяльную дошку - у сімвалічным месцы, куды ў 1943 годзе акупанты зганялі ўсіх мясцовых жыхароў на расстрэл.

У памяць аб загінуўшых у гады вайны жыхарах вёскі ў цэнтры Тышковічаў усталяваны абеліск. На гранітных плітах амаль 60 прозвішчаў. У гонар Казанскай іконы Божай Маці пабудаваны і асвячоны храм - першы ў гісторыі вёскі. Каб сабраць на яго грошы, асабліва старалася Еўдакія Новік. Штогод на прастольнае свята ў пачатку лістапада тут узносяць малітвы Заступніцы, праводзяць хрэсны ход, успамінаюць дзень расстрэлу і ставяць свечкі за самую вялікую каштоўнасць на зямлі - мір.