Правам 30-дзённага бязвізавага рэжыму скарысталіся амаль 60 тысяч іншаземцаў

8 января 2019

Багатая няпростая гісторыя Беларусі нараўне з гасціннасцю і ветлівасцю яе жыхароў вабіць дзясяткі тысяч замежных турыстаў. А бязвізавы ўезд для жыхароў больш чым 70 краін прыносіць свае дывідэнды. Толькі сталіцу, скарыстаўшыся правам спрошчанага ўезду (размова ідзе аб дзеянні 30-дзённага бязвізавага рэжыму), наведалі амаль 60 тысяч іншаземцаў. І гэта не толькі турысты. Бязвізавы рэжым стаў важным фактарам, які садзейнічае развіццю эканомікі краіны ў цэлым. Беларусь узмацніла пазіцыю як пляцоўка для арганізацыі міжнародных форумаў, канферэнцый і спартыўных спаборніцтваў. Бязвіз даў штуршок развіццю і турыстычнай сферы. Эканамічны эфект ад наплыву гасцей адчулі Гродзенскі і Брэсцкі рэгіёны. Аб папярэдніх выніках бязвізу наш наступны матэрыял.

Жыхарка Рыгі Алена Тараканава ў гродзенскі санаторый прыязджае не першы раз. Такое пастаянства ў выбары месца адпачынку тлумачыць проста: традыцыйна высокая якасць беларускіх здраўніц плюс бязвізавы рэжым. Афармленне неабходных дакументаў заняло ўсяго некалькі хвілін.

Бязвіз дазволіў беларускім здраўніцам рэгіёна пашырыць новы напрамак у працы - медыцынскі турызм. Тыя, хто жадае паправіць сваё здароўе, прыязджаюць з усяго Еўрапейскага кантынента. Летась толькі ў гэтай здраўніцы пабывалі больш за тысячу замежных гасцей.

Бязвізавы рэжым у Гродне дзейнічае ўжо два гады. А з 2018-га магчымасцяў наведаць рэгіён у іншаземцааў стала яшчэ больш. Тэрмін знаходжання гасцей павялічыўся ў два разы - да 10 дзён. І прыехаць можна не толькі на аўтамабілі, але і цягніком і нават прыляцець на самалёце. Пашырылася і бязвізавая тэрыторыя. У зону спрошчанага ўезду быў уключаны ўвесь Гродзенскі і частка Свіслацкага раёна. Сёлета плануюць дадаць яшчэ і Шчучын. Дарэчы, першымі эканамічны эфект ад наплыву турыстаў ужо адчулі ў сферы абслугоўвання.

У турыстычнай сферы створаны сотні новых рабочых месцаў. У Гродна прыйшлі буйныя замежныя інвестары. Будуюцца гасцініцы, гатэлі і хостэлы.

За два гады дзеяння бязвізавага рэжыму Гродна наведалі амаль 150 тысяч замежных турыстаў. У каралеўскі горад прыязджалі як арганізаванымі групамі, так і індывідуальна. Як мінімум столькі ж гасцей Гродна плануе прыняць і сёлета.

Брэст прыняў першых бязвізавых турыстаў роўна год таму. Гэта была сям'я з Польшчы. Дарэчы, менавіта палякі займаюць вядучае месца сярод гасцей, якія едуць сюды па спрошчанай схеме. У топ-5 краін таксама ўваходзяць Літва, Латвія, Германія і Чэхія. Усяго за першы год бязвізу турысцка-рэкрэацыйную зону "Брэст" наведала звыш 18 тысяч гасцей.

Самыя папулярныя маршруты - Брэсцкая крэпасць, Белая Вежа ў Камянцы, Ружанскі палац Сапегаў і Белавежская пушча. Калі б не бязвіз, прызнаецца Керэм Эркан з Турцыі, наўрад ці адправіўся ў такое далёкае падарожжа.

Сёлета ў Брэсце чакаюць шмат гасцей: горад адсвяткуе тысячагоддзе. Нямала турыстаў прыедуць па бязвізе. Да гэтай даты падцягваюць гарадскую інфраструктуру. Менш чым за год у абласным цэнтры вырас гатэль сусветнага брэнда. Першых гасцей ён прыняў на калядных канікулах. Прадугледжана не толькі пражыванне (а гэта 120 нумароў пяці катэгорый), але і некалькі залаў для дзелавых сустрэч і перамоў, бо бязвіз прывабны не толькі для турыстаў, але і бізнесменаў, артыстаў і спартсменаў.

Дарэчы, за год існавання турысцка-рэкрэацыйнай зоны "Брэст" у рэгіён прыцягнута каля 30 млн долараў інвестыцый, у тым ліку міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У больш чым 30 магазінах укаранёная сістэма Tax Free, распрацавана карта госця. Прыязджаюць як групамі, так і індывідуальна. На экскурсіі, шопінг-туры, у госці да сваякоў. Каб павысіць прывабнасць края, інфацэнтры па бязвізе плануецца адкрыць у суседніх краінах - Польшчы і Літве.

У Брэсцкай вобласці з бязвізавымі гасцямі працуюць каля 60 турфірмаў. Гавораць: краіна для еўрапейцаў недарагая. Пакуль самыя папулярныя туры выхаднога дня.

Абмяркоўваецца пытанне аб'яднання Брэсцкай і Гродзенскай бязвізавых зон у адзін заходні комплекс. Гэта дазволіць падарожнікам даведацца пра Беларусь яшчэ больш.