Пост № 1: ганаровую варту нясуць юныя патрыёты на плошчы Перамогі ля Вечнага агню

14 декабря 2021

Школьнікі сталічнай школы № 137 на гэтым тыдні нясуць ганаровую варту на плошчы Перамогі ля Вечнага агню. Перад выхадам да мемарыяла 2 месяцы трэніровак. Памятаць подзвігі продкаў і гісторыю роднай краіны, аддаць даніну памяці героям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай.  Для многіх вартавых  пост № 1 - гэта не проста ўрокі гісторыі, а  традыцыя, якую перадаюць праз пакаленні.  

Адзін дзень у атрадзе правяла  Таццяна Бажко.

11-класніца Паліна Шаўчэнка памочнікам начальніка ганаровай варты стала некалькі месяцаў таму. Свае абавязкі ведае добра. Сочыць за тым, як праводзіцца змена атрадаў, дапамагае адточваць страявы крок, кантралюе знешні выгляд, каб ён быў бездакорным. Калі трэба, папраўляе вартавым галаўны ўбор ці каўнер. Трапіць на пост № 1 яна марыла з дзяцінства – узяла прыклад са старэйшага брата Міхаіла. 

Пост № 1 горада-героя Мінска нясе варту на плошчы Перамогі амаль 40 гадоў. У складзе атрада 30 чалавек. Кожны тыдзень на пасту вучні розных школ. Зараз чарга  137-й. Улада Кузьмянкова прадаўжае традыцыі сям'і. Абодва яе прадзядулі абаранялі радзіму падчас Вялікай Айчыннай. Прабабуля працавала медсястрой і выносіла параненых з-пад куль ворага. Таму сёння праўнучка з гонарам нясе варту на плошчы Перамогі. Сінхроннасці кроку Уладу вучыў бацька, а хутка сваім майстэрствам яна будзе дзяліцца з малодшымі братамі.  

Перад выхадам да мемарыяла  2 месяцы трэніровак

Яны праходзяць тройчы на тыдзень. На занятках юнакі і дзяўчаты вучацца бездакорнасці ў рухах, строга выконваюць дрэс-код.  

Стаяць прыходзіцца нерухома на спецыяльных памостах. Ля Вечнага агню школьнікі дзяжураць на працягу ўсяго навучальнага года. У вольны ад трэніровак і варты час   удзельнічаюць у экскурсіях, пошукавых экспедыцыях, ладзяць і міжнародныя канферэнцыі. Цесна супрацоўнічаюць з ваенна-патрыятычнымі клубамі Ленінградскай вобласці, а таксама з Новасібірска. 

У студзені - адбор новых удзельнікаў ганаровай варты. Кастынг  сур'ёзны. Стан здароўя, знешнасць, рост, выдатныя поспехі ў вучобе. Трапіць у атрад мараць многія. За год на пост № 1 горада-героя Мінска заступаюць каля тысячы юных патрыётаў.