Апошні месяц лета сталічныя школьнікі правядуць разам з нямецкімі

14 августа 2013

Разам яны не толькі добраўпарадкоўваюць паркавую зону, але і вывучаюць традыцыi дзвюх краiн. Як праходзяць працоўныя буднi, даведвалася наш карэспандэнт Дар'я Бiгун.



Аб'ядноўваючы нямецкую дакладнасць і беларускую працавітасць, гэты атрад працуе не толькі над змяненнем ландшафта, але і над добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Сумесная праца міжнароднага валанцёрскага лагера сёлета арганізавана ўпершыню.


На працягу 2 тыдняў 14 школьнікаў з Германіі падрыхтавалі тэрыторыю для зоны адпачынку і ўжо пабудавалі 3 вось такія альтанкі.


Трапіць на валанцёрскай аснове ў міжнародную змену лагера не так проста. Беларускім школьнікам трэба было прайсці конкурсны адбор. Паўгода яны займаліся на курсах. І толькі лепшыя атрымалі магчымасць працаваць разам з замежнымі сябрамі.


Мішу з Германіі завуць галоўным будаўніком. Ён кіруе нямецкай групай, але і з беларускімі хлопцамі знайшоў агульную мову. Кажа, што асноўнай праблемай быў моўны бар'ер. Але і яго немцы з поспехам пераадольваюць. Спачатку размаўлялi пры дапамозе жэстаў, але праз некалькі дзён базавая англійская выратавала. Міша ў захапленні ад Мінска. Адзначае, што ў некаторых месцах пейзажы прыгажэйшыя за нямецкія.


Мiша Мартэрэр, школьнiк з Германii: Я вельмі ўражаны горадам. Уражвае колькасць будоўляў у Мінску. Гэта сведчыць пра тое, што горад расце. Мы вельмі рады, што ў рамках нашага праекта мы зможам уладкаваць зону для адпачынку.


Некаторыя прылады для апрацоўкі дрэва школьнiкi прывезлі свае, нямецкiя. Дарэчы, экалагічна чыстыя. Скончыць паркавую зону плануюць з другой зменай лагера да канца жніўня. Арганізатары плануюць працягваць такія праекты. Бо, акрамя дапамогі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, школьнiкi атрымліваюць незаменны вопыт зносін з замежнымі аднагодкамi.