Папуляцыя высакароднага аленя расце ў Мінскай вобласці

21 января 2021

Героі нашага наступнага рэпартажа - высакародныя алені! Іх папуляцыя павялічваецца ў Мінскай вобласці. Ужо некалькі гадоў паспяхова над гэтым працуюць прадстаўнікі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Спачатку парнакапытных разводзяць у спецыяльных міні-заказніках ці часовых вальерах. Пазней жывёл выпускаюць у дзікую прыроду. У тых угоддзях, дзе папуляцыі прыжыліся, за высакароднай сям’ёй працягваюць прыглядваць. Чаму? Ведае Алена Вітко.

Высакародны алень - жывёла буйная, пры гэтым статная і элегантная. Такі дружны статак, напрыклад, здымачная група сустрэла ў лясах Смалявіцкага раёна. Зараз тут водзяцца каля 200 асобін. І гэта пры тым, што некалькі гадоў таму было ўсяго 70. Тады іх завезлі ў часовы вальер. І як толькі жывёлы далі патомства, а маладняк падрос, выпусцілі ў дзікую прыроду.

Асабліва запатрабаваны падкормачныя пляцоўкі зімой. Калі на зямлі снежны дыван, жывёлам цяжка знайсці натуральны корм. І парнакапытныя становяцца частымі гасцямі гэтых сытных лакацый. Кармавое поле і зараз багатае на рапс. А па ўсім перыметры, нібы рэстаранныя столікі, іх егеры накрываюць кожны дзень.

Апетытныя бранчы для жывёл арганізуюць у такіх закрытых кармушках. У моцныя маразы ў меню звычайна зерневая сумесь - тут здробнены гарох, пшаніца і жыта. Дарэчы, сярод любімых ласункаў у парнакапытных таксама морква, яблыкі і нават хлеб.

За рацыёнам ўважліва сочыць Уладзімір Краснагурцаў. Егер з 10-гадовым стажам не проста добра ведае звычкі жывёл - за кожнага хвалюецца, як за дзіця.

Засцерагаць аленяў даводзіцца не толькі ад голаду. Сярод пагроз - ваўкі і браканьеры. Раўнавагу ў прыродзе кантралююць работнікі лясгасаў і паляўнічыя. Дарэчы, рост колькасці "высакароднай папуляцыі" таксама іх заслуга. Самыя вялікія сем’і зараз у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. І галоўнае пытанне для спецыялістаў - гэта раўнамернае рассяленне жывёл.

Толькі пад аховай Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў - больш за 11 тысяч высакародных аленяў. Пры гэтым колькасць працягваюць нарошчваць, у тым ліку і ў Цэнтральным рэгіёне. Сярод апошніх вялікіх перасяленняў - статак у Пухавіцкім раёне. Пакуль жывёлы ў вальеры, але ўжо летам выйдуць на волю - вывучаць мясцовыя пейзажы.