Папаўненне ў Мінскім заапарку

8 апреля 2014

Сталічны заапарк аблюбавалі нашчадкі абарыгенаў з Аўстраліі, Японіі і Афрыкі. Касмытых кенгуру, японскую макаку і ўсходняга калобуса прывезлі з Калінінграда. Кенгуру Бенета ўжо цалкам асвоілася і бесклапотна скача ў вальеры. Усяго сумчатых трое - дзве самкі і самец. Паводле слоў супрацоўнікаў звярынца, яны выдатна сябе адчуваюць і ахвотна пазіруюць на фота- і відэакамеры наведвальнікаў. Добры апетыт і ў японскай малпы Ёкі. Маленькі насельнік пасябраваў з суседзямі і нават пачаў грымаснічаць.
Алена Бадрова, малодшы навуковы супрацоўнік Мінскага заапарка: Ён яшчэ дзіцяня, яму некалькі месяцаў, і ён яшчэ вырасце. Яго выхоўвалі супрацоўнікі заапарка. Адмовіліся ад яго малпы, таму давялося ўзяць на сябе функцыю маці супрацоўнікам заапарка ў Калінінградзе. Ён ручны, ласкавы.
А вось убачыць ўсходняга калобуса наведвальнікі заапарка пакуль не могуць. Малпачка цяжка перанесла пералёт і зараз знаходзіцца на каранціне ў закрытым памяшканні. У адкрыты вальер прымата перавядуць, як толькі пацяплее.