Пошук аптымальных рашэнняў у сістэме ЖКГ

10 марта 2014
Дагэтуль праца гэтай сферы выклікала нямала спрэчак - сістэма цэнаўтварэння і якасць паслуг. Сістэма ЖКГ па-сапраўднаму хвалюе насельніцтва, бо яна датычыцца кожнага беларуса.

Расказвае Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Праца ЖКГ - гэта такая сфера, у якой няма абыякавых. Усе абавязаныя плаціць за паслугі, але не заўсёды зразумела, за што менавіта мы плацім. Гэтая непразрыстасць выклікала шмат пытанняў. І каб іх не было, па даручэнні Кіраўніка дзяржавы была створана рабочая група, мэта якой - ва ўсім дасканала разабрацца.

Дзеля справядлівасці разабрацца трэба не толькі ў цэнаўтварэнні. Насельніцтва хвалюе якасць паслуг і эфектыўнасць працы галіны ў цэлым. На пачатку года праблема была ў цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы. На сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх СМІ Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне ва ўсім навесці парадак.


Першае пасяджэнне рабочай групы праходзіла ўсяго праз некалькі тыдняў. Мэта - аператыўна разгледзець і знайсці рашэнні па найбольш праблемных пытаннях галіны. Разбірацца з праблемамі ЖКГ прыйшлося вельмі сур'ёзнай арганізацыі. Рабочую групу па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўзначаліў старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон. Падлікі паказалі - 25 % паслуг ЖКГ аплачвае насельніцтва, 75 - з дзяржбюджэту. Зараз, каб праверыць, куды ідуць дзяржаўныя грошы, рабочая група збіраецца 2 разы на тыдзень. Ужо вывучылі пытанні энерга- і водазабеспячэння. Сёння на парадку дня яшчэ адзін важны аспект - як знізіць выдаткі на выкарыстанне ліфтаў.

Сяргей Раўнейка, начальнік галоўнага ўпраўлення КДК, член рабочай групы па пытаннях ЖКГ: Сфера затратная, мала таго мы сутыкаемся з доўгатэрміновай праблемай - да 2020 года трэба прывесці якасць нашых ліфтаў да патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Зараз эксплуатуецца больш як 30 тысяч ліфтаў, больш за 15 тысяч падлягаюць замене. Зразумела, гэта патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў. У першую чаргу бюджэтных сродкаў. Каб знізіць нагрузку на бюджэт, ліфты будуць не змяняць, а мадэрнізаваць.

Гродзенская вобласць у гэтым плане прыклад паказальны. У рэгіёне не засталося ліфтаў старэйшых за 30 гадоў. Вырашыць гэтую праблему дапамагае Гродналіфт. Гэта асноўнае прадпрыемства ў рэгіёне, дзе пад'ёмныя кабіны рамантуюць і абслугоўваюць. Сёння тут самы нізкі сабекошт ліфтавых паслуг у Беларусі з-за кампактнага дыспетчарскага пункта.


Яшчэ адна магчымасць сэканоміць бюджэтныя грошы, на думку Дзяржкантролю, - абмежаваць будаўніцтва вышынных будынкаў у малых гарадах. Бо дом на 3-4 паверхі не патрабуе ўсталявання ліфта, а адна шматпавярхоўка ў невялікім населеным пункце цягне за сабой сур'ёзныя траты на яе абслугоўванне.

Але гэта не адзіная праблема, якая хвалюе насельніцтва. Каб своечасова звярнуць увагу на праблему ЖКГ, Дзяржкантроль прапанаваў стварыць адзіную дыспетчарскую сетку, якая будзе працаваць па прынцыпе хуткай дапамогі. Набіраеш кароткі нумар, прымаюць заяўку, выязджае аварыйная брыгада. Усё хутка і проста.

Для вывучэння праблем на месцах рабочыя групы створаныя ва ўсіх рэгіёнах краіны. Спецыялісты ўжо звярнулі ўвагу на неабходнасць аптымізацыі структуры жылкамунгаса: у галіны ёсць лішнія звёны, якія стаяць паміж арганізацыямі ЖКГ і органамі кіравання. Таксама вядзецца вывучэнне невытворчых актываў галіны, якія сёння значацца на балансе большасці арганізацый ЖКГ: гэта нявыкарыстаная тэхніка, старыя вытворчыя лініі і закінутыя аб'екты, утрыманне якіх абходзіцца ў капеечку, а гэтыя грошы могуць быць накіраваныя на мадэрнізацыю галіны. Словам, праблем нямала і насельніцтва актыўна выказваецца наконт таго, што хвалюе ў той самай сферы, якая датычыцца кожнага.

Дбайны аналіз галіны спецыялістам трэба завяршыць да 31 мая. Ад недахопаў, праблем і заблытаных механізмаў павінна застацца выразная і эфектыўная схема празрыстай працы: лічбы, факты і гатовыя рашэнні, з якімі на спецыяльнай нарадзе (па прыкладзе будаўнічай галіны) азнаёміцца і Кіраўнік дзяржавы.