Падведзены вынікі арт-конкурсу сярод школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў

2 ноября 2016

Сямейныя каштоўнасці, бацькоўскі клопат і родны дом вачыма дзяцей! Падведзены вынікі арт-конкурсу сярод школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў. Больш за дзве сотні эскізаў даслалі на спаборніцтва юныя мастакі з усёй краіны. Найбольш лістоў - са зваротным адрасам - Стаўбцоўскі і Уздзенскі раёны. Аб'яднала дзяцей дабрачыннасць. Каму ахвяруюць добрыя сэрцы, ведае Аляксандра Драгун.

Не ўтойваючы гонару і захаплення Кацярына Каўрова разглядае партфоліа з ілюстрацыямі. Над папяровымі палотнамі карпелі сотні рук непрафесійных графіцістаў - дзіцячых… Але ідэйнага натхняльніка арт-батла менавіта такія, крыху наіўныя, малюнкі і цешаць…

У сталіцу дасылалі свае эскізы школьнікі і выхаванцы садкоў з усёй краіны. Найбольш лістоў - са зваротным адрасам - Стаўбцоўскі і Уздзенскі раёны. Дарэчы, на працягу кастрычніка малявалі не дзеля асабістай узнагароды ці славы. Аб'яднала дзяцей дабрачыннасць у падтрымку сваіх равеснікаў - з дыягназам “аўтызм”.

Конкурс з аднаго боку - быццам выпрабаванне для дзяцей. Бо маляваць неабходна было не рознакаляровымі фламастарамі ці фарбамі - чорнай ручкай. Такая ўмова арт-спаборніцтва абавязковая. Карціна павінна максімальна нагадваць эскіз, дзе былі б бачныя лініі і формы выявы.

Герояў графічных малюнкаў, якія ўвайшлі ў топ-тры конкурсу, - увасобяць у міні-скульптурах. Майстры са Смалявіч пераўтвораць плоскія выявы ў трохмерныя кампазіцыі.

"Беларучкамі" тут майстры сталі з-за колеру матэрыялу, з якім працуюць - гіпсу. Але гэта не датычыцца іх спрыту і працавітасці. Акурат да дабрачыннага кірмашу - за пяць дзён - два ўмельцы адальюць статуэткі.

Прадпрыемства, якое адгукнулася на дабрачыннасць, асаблівае. Тут працуюць людзі, якія змаглі перамагчы залежнасць і не страціць дабрыні сэрца.

Сабраць калекцыю гіпсавых сувеніраў можна падчас дабрачыннага кірмашу 7 лістапада. Усе сродкі, што збяруць на свяце, накіруюць на патрэбы цэнтра дапамогі дзецям з аўтызмам.