Падрыхтоўка Дзедаў Марозаў да Новага года

15 ноября 2019
Галоўныя зімовыя чараўнікі пачалі падрыхтоўку да Новага года, каб дарыць радасць, усмешкі і, вядома ж, выконваць жаданні. І калі для адных гэта яркія эмоцыі і падарункі, для саміх жа артыстаў  сур'ёзны і складаны працэс. 

Нашы карэспандэнты адправіліся ў сталічную школу падрыхтоўкі Дзедаў Марозаў, каб  даведацца, як гэта -  быць героем для дзяцей? Пра закуліснае жыццё  казачных персанажаў  Мікіта Дземянцьеў.

Свае традыцыі і прыкметы Барыс Сафарэвіч выпрацаваў за дзесяцігадовы стаж на дзедамарозаўскай ніве. З галоўным святам года ў яго звязана ўсё жыццё. Самы важны падарунак ён зрабіў пад бой курантаў -   прапанаваў руку і сэрца сваёй Снягурцы. Сёння навагодняя пара па-ранейшаму дорыць радасць людзям пад Новы год. А каб усё прайшло па-сапраўднаму казачна, галоўнае, запэўнівае Барыс, не выходзіць з вобраза. 

Вядома ж, без фактурнага касцюма навагоднія персанажы будуць выглядаць ненатуральна, таму казачны гардэроб -  важны складальнік усіх артыстаў.

Гэтая шафа сапраўдная скарбніца для любога акцёра. Дзясяткі касцюмаў і вобразаў. Тут і Ганна з “Халоднага сэрца”, і супер-чалавек. У цэлым усе любімыя персанажы хлопчыкаў і дзяўчынак. Зрэшты, працаваць артыстам даводзіцца не толькі з  дзіцячай аўдыторыяй, але і з дарослымі, таму падыход да публікі кожны раз індывідуальны, і проста апрануць касцюм яшчэ недастаткова, каб справіцца з роляй. 

Персанажы хоць і дзіцячыя, але адносiны дарослыя. Кіраўнік школы Дзедаў Марозаў Алег Драздоў лічыць, што прымераць на сябе касцюм галоўнага навагодняга персанажа можна толькі пасля трэцяга дзясятка гадоў. А вось каб стаць сапраўдным чараўніком, патрэбны не адзін месяц трэніровак. Напрыклад, у гэтай школе рэпетыцыі стартавалі яшчэ у верасні. 

Хоць да Новага года яшчэ ёсць час, для навагодніх артыстаў падрыхтоўка ўжо ідзе ў паскораным рэжыме. Тысячы герояў і сотні паказаў па ўсёй краіне прынясуць свята ў дамы маленькіх беларусаў. І па традыцыі многія з іх сустрэнуцца з выканаўцам жаданняў напрыканцы снежня на Галоўнай ёлцы краіны. 

Задача дарослых і бацькоў - каб у навагоднюю ноч дзеці працягвалі верыць у цуды і казку.